36-гадовага жыхара Віцебска Вадзіма Ермаловіча затрымалі 14 красавіка недалёка ад дзяржаўнай мяжы з Літвой. Мужчына знаходзіўся на падпісцы аб нявыездзе. На яго была заведзеная крымінальная справа за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Па версіі следства, ён у тэлеграм-чаце «Vitebsk_Юг» абразіў камандзіра мінскага АМАПа палкоўніка Дзмітрыя Балабу, паведамляе «Віцебская Вясна».

Як сцвярджаецца, паведамленне ў чаце было размешчанае 24 снежня 2020 года. Крымінальную справу распачалі 20 сакавіка 2021 года. У гэты ж дзень Вадзіма Ермаловіча ўзялі пад варту, а ў ягоным доме ўчынілі ператрус: канфіскавалі камп'ютар, ноўтбук, нэтбук, флэшкі, мабільны тэлефон, а таксама грошы. Аднак праз 72 гадзіны па затрыманні (23 сакавіка) мужчыну вызвалілі з ізалятара пад падпіску аб нявыездзе. 

14 красавіка Вадзім Ермаловіч быў зноў затрыманы непадалёку ад мяжы Беларусі з Літоўскай Рэспублікай.

«Яго затрымалі на мяжы з Літвой. Мяжу ён не перасякаў. Месца нам не агучылі», — расказала маці затрыманага Таццяна.

«Пасля гэтага яго адправілі ў СІЗА. Ніякіх спатканняў нам не абяцалі, сказалі нельга нам па гэтым артыкуле. А перадачы носім», — дадала.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Вадзім Ермаловіч браў удзел у пратэсных акцыях, якія праходзілі ў горадзе. На адной з іх быў затрыманы і аштрафаваны па артыкуле 23.34 КаАП. Паводле маці, у Вадзіма «абвостранае пачуццё справядлівасці» і ён не мог вынесці таго, «што робіцца зараз у краіне, гэты жах».

Незадоўга да завядзення крымінальнай справы Вадзім Ермаловіч звольніўся з працы.

«Збіраўся ехаць у Польшчу на працу. Ужо пра ўсё дамовіўся. І месца працы, і страхоўка была аплачаная, і віза адкрытая. Усё было падрыхтавана…» — кажа спадарыня Таццяна.

Цяпер Вадзім Ермаловіч знаходзіцца за кратамі ў віцебскім СІЗА-2.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0