Фота з тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай

Фота з тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай

Са жніўня 2020 году «беларусы вырасьлі і пасталелі», лічыць Ціханоўская. «Мы навучыліся выказваць свае думкі. Мы лепш выказваем свае думкі і гаворым пра нашы патрэбы, мары і трывогі, расчараваньні і страхі. Адначасова ў жыцьці беларусаў шмат што — і індывідуальнае, і калектыўнае — пагоршылася».

Ціханоўская падкрэсьліла, што з 9 жніўня 2020 году ў Беларусі было арыштавана больш за 32 тысячы чалавек.

«У дачыненьні да журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў і мірных дэманстрантаў заведзена звыш 2500 крымінальных спраў, — сказала яна. — Праваабарончыя арганізацыі задакумэнтавалі больш за тысячу выпадкаў катаваньняў. У Беларусі налічваецца 290 палітвязьняў. Як мінімум восем мірных дэманстрантаў былі забітыя. Між тым ніводзін урадавы чыноўнік ня быў прыцягнуты да адказнасьці за жорсткасьць, рэпрэсіі, катаваньні і забойствы».

Ціханоўская нагадала вядомую цытату Кастуся Каліноўскага пра тое, што «не народ для ўраду, а ўрад для народу».

«Цяпер мы ствараем урад для народу. І нам патрэбна ваша дапамога. Становішча чалавека, які просіць дапамогі, вельмі ўразьлівае. Ветлівая адмова — гэта тое, да чаго беларусы прывыклі. (…) На гэты момант наша самая вялікая слабасьць — гэта час. Мы самі можам ажыцьцявіць гэтую мірную рэвалюцыю, але час ідзе, а лёсы людзей руйнуюцца. Людзі страчваюць жыцьці, сваіх блізкіх, працу, веру. Так больш працягвацца ня можа», — заявіла Ціханоўская.

«Мы ўдзячныя за дапамогу, якую ўжо атрымалі, — падкрэсьліла Ціханоўская. — Кожны жэст салідарнасьці, кожная санкцыя ў дачыненьні да дыктатуры, кожны выратаваны беларускі ўцякач, кожнае дзеяньне, якое дапамагае выконваць правы беларусаў, на крок набліжае нас да дэмакратыі. Беларусь знаходзіцца ў працэсе мірнай барацьбы за чалавечую годнасьць, свабоду, дэмакратыю, роўнасьць, вяршэнства закона і правы чалавека. Гэта ўсе тыя каштоўнасьці, якія вы адстойваеце тут, у Эўразьвязе. Беларусь знаходзіцца на мяжы з ЭЗ. Гэтым каштоўнасьцям нельга здраджваць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0