Увечары 4 лютага на Багдановіча, 55 суседзі сабраліся на традыцыйнае чаяванне. У нейкі момант з аркі дома да іх выйшлі каля 15 чалавек у цёмнай вопратцы. Яны атачылі суседзяў і паведамілі ім, што паступаюць скаргі на такія сходы. Усіх удзельнікаў чаявання адвялі ў бус для высвятлення іх асобы. У РУУС Цэнтральнага раёна адвезлі 9 чалавек, дзе на іх склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП, а на некаторых і па арт. 23.4 КаАП. Семярых адпусцілі да суда дадому, а дваіх адправілі на Акрэсціна.

У ЦІП трапілі Ганна Цуба і журналістка «Белсата» Кацярына Ткачэнка. У РУУС на іх дваіх склалі адразу два пратаколы, але на Акрэсціна журналістцы стала дрэнна, і яе звезлі на хуткай.

5 лютага суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў Ганну Цубу вінаватай у непадпарадкаванні і чаяванні, палічыўшы гэта масавым мерапрыемствам. 26-гадовая дзяўчына ўжо адседзела 15 сутак арышту.

Сёння судзілі журналістку Кацярыну Ткачэнка. Суддзя Карсюк аштрафаваў Кацярыну паводле двух пратаколаў на 50 базавых велічыняў (1450 рублёў).

Па рашэнні суддзі Карсюка Ганна Палоннікава і Марына Кашына былі аштрафаваныя на 725 рублёў (25 базавых), а Віялета Клюева атрымала штраф 870 рублёў (30 базавых).

Аляксандра Стрыжанава і Ірыну Брошчан суддзя Віктрыя Шабуня пакарала штрафам у 725 рублёў (25 базавых).

Суды над яшчэ двума ўдзельнікамі чаявання чакаюцца 9 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0