Пасля перамогі рэвалюцыі Годнасці ва Украіне байцы ўкраінскага расфармаванага спецпадраздзялення «Беркут» уцяклі не толькі ў Расію і акупаваныя Крым і частку Данбасу, але і ў Беларусь. «Новы час» падае звесткі пра выяўленых экс-байцоў «Беркута» на службе ў Беларусі.
Яшчэ ў 2017 годзе былі выяўленыя тры ўцекачы-«беркутаўцы» на службе ў беларускай міліцыі: Мікалай Стагарняк, Сяргей Гаўрыляк і Сяргей Панасенка. Усе яны з'яўляліся байцамі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама. Да гэтага пераліку дадаліся імёны Дзмітрыя Анцупава і Анатоля Прымака.
Сяргей Панасенка
32-гадовы Сяргей Панасенка — ураджэнец Мікалаеўскай вобласці Украіны. У лістападзе 2013 года ў складзе мікалаеўскага падраздзялення «Беркута» быў накіраваны ў Кіеў. Пасля перамогі Майдана ўцёк у Беларусь. Тут ён атрымаў грамадзянства і службу ў мінскім АМАПе.
Панасенка апазнаны на супольным фотаздымку, на якім зафіксаваны таксама колішні «беркутавец» і баец мінскага АМАПа Мікалай Стагарняк.
У 2017 годзе Панасенка сведчыў на адміністратыўным працэсе супраць Змітра Дашкевіча. Ён даводзіў суду, што актывіст нібыта не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўніка міліцыі, у выніку чаго Дашкевіча аштрафавалі на 1150 рублёў.
Таксама вызначана, што Панасенка непасрэдна ўдзельнічаў у гісторыі з затрыманнем двух братоў, мінчукоў Аляксандра і Віктара Куўшынавых. Абодва асобна адзін ад аднаго 15 ліпеня 2020 года прыбылі да будынку ЦВК, каб падаць скаргу на нерэгістрацыю кандыдатаў у выбарчай кампаніі. Браты атрымалі 10 і 11 сутак арышту.
Сяргей Гаўрыляк
Таксама знойдзенае дадатковае пацвярджэнне пра службу ў мінскім АМАПе яшчэ аднаго колішняга мікалаеўскага «беркутаўца» Сяргея Гаўрыляка.
36-гадовы Сяргей Гаўрыляк таксама нарадзіўся ў Мікалаеўскай вобласці УССР. У складзе «Беркута» быў накіраваны ў Кіеў у лістападзе 2013 года. Пасля перамогі Майдана ўцёк разам з сям’ёю ў Беларусь.
Вядома, што 21 верасня 2017 года Сяргей Гаўрыляк удзельнічаў у затрыманні анархіста Рамана Халілава. Згодна са словамі Халілава, амапаўцы спынілі яго на вуліцы для высвятлення асобы, Раман даў ім свой пашпарт, але яго ўсё роўна затрымалі і даставілі ў РУУС. У выніку на падставе сведчанняў амапаўца Гаўлрыляка яму прысудзяць штрафу ў памеры 15 базавых велічынь.
Па выдаленых Сяргеем Панасенкам са свайго акаўнта «VK» кантактаў былі выяўленыя новыя імёны байцоў спецпадраздзялення «Беркут», якія са свайго мікалаеўскага «гнязда» пераляцелі не толькі ў Беларусь, але і ў Расію, і на тэрыторыю акупаванага ёй Крыму.
Анатоль Прымак
Нарадзіўся ў 1990 годзе ў вёсцы Іваніўка Арбузынскага раёна Мікалаеўскай вобласці УССР. У «Беркут» па Мікалаеўскай вобласці трапіў таксама пасля войска. Разам з іншымі таварышамі па службе ўцёк у Беларусь пасля перамогі рэвалюцыі Годнасці. Баец АМАП ГУУС Мінскага гарвыканкама.
У поле зроку Анатоль Прымак трапіў як калега «беркутаўца» Мікалая Стагарняка. Менавіта ў такім статусе апошні пазначыў яго ў спісе кантактаў свайго акаўнта ў «VK».
Пад нікнэймам акаўнта пададзеная інфармацыя з раздзела «Адукацыя», з якой вынікае, што Анатоль Прымак навучаўся ў Нацыянальнай акадэміі ўнутраных спраў Украіны.
У выніку аналізу акаўнтаў байцоў мікалаеўскага «Беркута» і супастаўлення з выдаленымі Сяргеем Панасенкам кантактамі былі знойдзеныя яшчэ два профілі Анатоля Прымака, адзін з якіх падпісаны псеўданімам «Станислав Семенюк» і на сёння актыўны.
Пасля публікацыі ў 2017 годзе інфармацыі пра выяўленых у Беларусі «беркутаўцаў» гэты акаўнт быў зачышчаны, з яго выдалены персанальны фотаздымак Прымака, шматлікія допісы, а са спісу сяброў — практычна ўсе акаўнты супрацоўнікаў МУС РБ. Аднак папярэднюю версію акаўнта ўдалося адшукаць у кэшы расійскай пошукавай сістэмы «Яндекс».
Адзін з ужо выдаленых допісаў у стужцы гэтага акаўнта Анатоль Прымак зрабіў 19 студзеня 2017 года. У ім ён змясціў супольны фотаздымак удзельнікаў спартовых спаборніцтваў.
Як аказалася, гэта быў чэмпіянат па рукапашным баі сярод супрацоўнікаў мінскай міліцыі, ён праводзіўся ў студзені 2017 года. Другое месца ў самай цяжкой вагавой катэгорыі (больш за 90 кг) здабыў баец мінскага АМАПа Анатоль Прымак, пісалі «СБ. Беларусь сегодня» і сайт БФСТ «Дынама». Гэтыя інфармацыйныя рэсурсы падалі і фотаздымкі са згаданага чэмпіянату. Адзін з іх амаль ідэнтычны фота, выкладзенаму Прымаком у сваім акаўнце, толькі зроблены з іншага ракурсу.
Вызначана, што Анатоль Прымак — удзельнік пабліка «Политика| ПМОП «Беркут» оплот спокойствия страны». У траўні 2016 года адміністрацыя гэтага пабліка, каб высветліць, хто сярод яго ўдзельнікаў з’яўляўся байцом «Беркута», змясціла адмысловае апытанне. На яго адказаў і Анатоль Прымак, які пазначыў, што служыць у спецыяльным узводзе АМАПа.
Таксама прозвішча гэтага мікалаеўскага «беркутаўца» фігуравала 6 сакавіка 2020 года ў справе разгляду судом Цэнтральнага раёна Мінска адміністрацыйнай справы грамадскага актывіста і анархіста Мікалая Дзядка за ўдзел у акцыі «Свабоду палітвязням» 26 лютага гэтага ж года ў Мінску. Прымак быў выкліканы на суд у якасці сведкі разам з іншым супрацоўнікам АМАПа, аднак на пасяджэнне не прыйшоў — нібыта праз хваробу.
Дзмітрый Анцупаў
У поле зроку журналістаў трапіў яшчэ адзін таварыш па службе, экс-баец спецпадраздзялення «Беркут» Дзмітрый Анцупаў. Ён быў выяўлены сярод кантактаў байцоў мікалаеўскага «Беркута», а таксама дзейных супрацоўнікаў паліцыі Украіны, якія пазначылі яго ў якасці свайго калегі.
Нарадзіўся ён у 1975 годзе ў Вольску Саратаўскай вобласці. Пражываў у Мікалаеве. Пасля перамогі рэвалюцыі Годнасці стаў афіцэрам новай спецроты міліцыі, сфарміраванай з колішніх «беркутаўцаў». Меркавана, вясной ці летам 2014 года ўцёк у Беларусь. Служыць у АМАП УУС Мінскага аблвыканкама.
Дзмітрый Анцупаў быў выяўлены і ідэнтыфікаваны на супольных фотаздымках яго таварышаў па службе ў «Беркуце».
Упершыню пра яго як супрацоўніка беларускай міліцыі напісала «СБ. Беларусь сегодня». Публікацыя была прысвечана нарадзе ва УУС Мінскага аблвыканкама, што адбылася ў ліпені 2018 года і была прымеркаваная да падсумавання вынікаў працы абласнога атрада міліцыі асаблівага прызначэння за першае паўгоддзе. Экс-«беркутавец» Дзмітрый Анцупаў ідэнтыфікаваны ў апублікаваным фотаздымку з гэтай нарады.
Апроч гэтага, Дзмітрый Анцупаў быў зафіксаваны ў сюжэце «СТВ» пра здачу іспыту на права нашэння чорнага берэта байцамі АМАПа, які праходзіў 20 лістапада 2019 года. Сюжэт апублікаваны на відэахостынгу YouTube. у эпізодзе з каментаром амапаўца Івана Кудзіна на заднім плане леваруч можна пабачыць чалавека ў цывільным, што разам з іншымі назірае за спарынгам байцоў АМАПа і азіраецца назад, нібы аналізуючы абстаноўку.
Колькасць выяўленых байцоў «Беркута» ў Беларусі — не канчатковая, аўтары расследавання абяцаюць апублічыць новыя імёны.