Фота Надзеі Бужан
На пасяджэнні Сакратарыята Таварыства беларускай мовы 14 ліпеня быў прыняты зварот да ўдзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі.
Зварот апублікавала ў сваім фэйсбуку старшыня арганізацыі Алена Анісім.
«Паважаныя суайчыннікі!
Набірае моц чарговая прэзідэнцкая кампанія. Мы зноў звяртаем Вашу ўвагу на галоўную прыкмету нашай нацыі і незалежнасці — беларускую мову. Кіраўнікі дзяржавы прыходзяць і адыходзяць. А пакуль жыве беларуская мова — жыве і наш народ, жыве і наша краіна. Знікне мова — не стане ні народа, ні дзяржавы.
Таму мы заклікаем усіх выбаршчыкаў галасаваць за тых кандыдатаў, якія карыстаюцца беларускай мовай і хто ўключыць у свае праграмы наступныя пункты:
1. Прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.
2. Падтрымаць дзейнасць універсітэта імя Ніла Гілевіча з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.
3. У кожным раённым цэнтры, а таксама ва ўсіх раёнах абласных гарадоў і г. Мінска адкрываць новыя школы і гімназіі з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.
4. Вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі ва ўсіх школах краіны па-беларуску.
5. Забяспечыць вяшчанне на дзяржаўнай беларускай мове першага беларускага тэлеканала (БТ-1).
6. Усе дзяржаўныя раённыя і абласныя газеты павінны друкавацца па-беларуску не менш, чым 50% тэкстаў у кожным нумары.
Гэта будзе найлепшым спосабам сцвердзіць свой патрыятызм і праявіць сапраўдны клопат пра незалежнасць і паспяховае развіццё Беларусі».