Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская разам з сябрамі ініцыятыўнай групы здала ў тэрытарыяльныя камісіі каля 110 тысяч подпісаў, паведамляе «Свабода».
Святлана Ціханоўская. Фота Надзеі Бужан.
«На жаль, з розных прычын 36 тысяч подпісаў мы не паспелі здаць», — зазначыла Ціханоўская.
Яна просіць беларусаў падтрымаць яе мужа, Сяргея Ціханоўскага, які ў другі раз змешчаны ў карцар з невядомых прычын. 20 чэрвеня вядомаму блогеру, а цяпер — палітзняволенаму, працягнулі тэрмін утрымання ў карцары да 26 чэрвеня.
«Я вельмі занепакоеная гэтай сітуацыяй, бо невінаватага чалавека, такога, як мы з вамі, трымаюць у нечалавечых умовах такі працяглы час. Думаю, Сяргей не мог зрабіць нічога такога, што пацягнула б такое суровае пакаранне», — зазначыла Святлана.
У панядзелак, 22 чэрвеня, адвакат паспрабуе наведаць СІЗА і высветліць прычыны такіх мер.
«Прашу ўсіх падтрымаць Сяргея ў такую цяжкую хвіліну. Вы можаце напісаць яму лісты, выказаўшы сваю салідарнасць», — прапанавала Святлана.