Віцебскі журналіст Георгій Каржанеўскі распавёў baj.by, як захварэў на COVID-19 і вылечыўся ад яго.

«Імпартны» каранавірус

Апошнім часам Георгій Каржанеўскі шмат працаваў за мяжой. У замежжы і падхапіў каранавірус, мяркуе ён: калі зачынілі межы, Георгій знаходзіўся ў Партугаліі. Тры начы ён правёў на аўтавакзале ў Лісабоне — спадзяваўся выехаць праз Іспанію ў Польшчу. Але аўтобусных рэйсаў не было, і давялося ляцець самалётам да Мінску з перасадкай у Амстэрдаме. Недзе там і напаткала хвароба, хаця да самага вяртання ў Віцебск ён адчуваў сябе добра.

— У мінскім аэрапорце ў тых, хто прыбыў з Партугаліі, тэст на каранавірус не бралі. Даследавалі толькі тых, хто прыляцеў з краін, дзе хвароба ўжо набыла масавы характар. Але мне далі памятку пра тое, што трэба 14 дзён пабыць у самаізаляцыі і як сябе паводзіць, калі самаадчуванне пагоршыцца. 

Памятка спатрэбілася, калі ў мяне ўзнялася тэмпература: як там і было напісана, я выклікаў «хуткую дапамогу», — распавёў Георгій Каржанеўскі.

Віцебская інфекцыйная бальніца

Журналіст апынуўся ў інфекцыйнай лякарні. Там яму зрабілі тэст на COVID-19, вынік быў станоўчы. Спачатку Георгій быў адзін у палаце, але праз дзень пацыентаў ужо было трое.

— Не магу сказаць, што лякарня была «забітая». У калідорах людзі не ляжалі. Але ў палатах вольных месцаў не было. Якімі лекамі мяне лячылі, я не ўдакладняў, бо давяраю спецыялістам. Ставілі кропельніцы, рабілі ўколы, давалі таблеткі.

Лекарам вялікі дзякуй. У іх, сапраўды, вельмі шмат працы, і працуюць яны самааддана.

Спрабуюць сартаваць хворых паводле сімптомаў, каб тыя, прыкладам, у каго няма кашлю, апынуліся ў адной палаце, а тыя, у каго высокая тэмпература — у іншай. Але вынікаў тэстаў даводзіцца чакаць доўга, і ніхто не застрахаваны ад таго, што ў суседа па палаце ёсць каранавірус, а ў цябе няма, — дадае Георгій.

У шпіталі ён прабыў роўна два тыдні. Яго выпісалі дахаты пасля двух адмоўных тэстаў на COVID-19.

Парады жыхарам Віцебска і ўсёй краіны

Паводле Георгія Каржанеўскага, усім трэба быць вельмі пільнымі — па магчымасці не наведваць грамадскіх месцаў, не ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах, пазбягаць залішніх кантактаванняў на вуліцы ці ў краме.

Футбольныя спаборніцтвы, парады і суботнікі — гэта цяпер абсалютна лішняе, лічыць журналіст. Захады па абмежаванні стасункаў калі не дапамогуць пазбегчы заражэння ў прынцыпе, то хаця б не справакуюць масавых паступленняў хворых у лякарні. Гэта зменшыць нагрузку і на лекараў, якія цяпер працуюць «на перадавой», рызыкуючы ўласным здароўем.

Кожны павінны мець адказнасць і за сябе, і за бліжняга — навучыцца быць сацыяльна адказным.

Нагадаем, з пнеўманіяй у лякарні зараз знаходзіцца яшчэ адзін віцебскі журналіст, Сяргей Марціновіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?