Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Як стала вядома Радыё Свабода з некалькіх крыніц, абмежаванні пачалі дзейнічаць на мінулых выходных і датычаць наведвання частак роднымі вайскоўцаў, а таксама звальненняў для салдат. Пра гэта паведамілі вайскоўцы з частак у розных месцах Беларусі.

Па словах вайскоўцаў, абмежаванні ўведзеныя адмысловым загадам Міністэрства абароны. Пры гэтым часткі не закрываюцца цалкам. Афіцэры могуць выходзіць за іх межы, заняткі і вучэнні не спынілі. Сітуацыю Свабодзе таксама пракаментавалі ў Міністэрстве абароны.

«Калі будуць прынятыя рашэнні пра ўвядзенне каранціну альбо сур’ёзных абмежавальных захадаў, мы абвесцім пра гэта дадаткова, — паведаміла прадстаўніца Міністэрства абароны Беларусі Наталля Гаўрусік. — Што датычыць наведвання вайсковых частак роднымі вайскоўцаў альбо звальненняў для салдат, то яны цяпер абмежаваныя. Вайсковая частка сама па сабе з'яўляецца ізаляваным і бяспечным месцам. Мы б хацелі захаваць гэтае, так скажам, бяспечнае асяроддзе. Таму зніжаем колькасць кантактаў вайскоўцаў з вонкавым светам. У першую чаргу вайскоўцаў тэрміновай службы».

Па словах прадстаўніцы Мінабароны, такі рэжым нельга назваць каранцінам. Абмежаванні на кантакты вайсковых частак з вонкавым светам у Беларусі ўводзяцца перыядычна ў асобных абласцях альбо ў часцях. Рашэнне аб гэтым могуць прымаць іх камандзіры, кіруючыся эпідэміялагічным становішчам у кожным асобным рэгіёне і парадамі медыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0