Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч заявіў, што на тэрыторыі Польшчы з'явяцца некалькі амерыканскіх ваенных аб'ектаў у розных частках краіны, а не адна так званая база «Форт Трамп». Пра гэта ён паведаміў у апублікаваным у чацвер інтэрв'ю РБК.

«Не будзе адной базы, будзе некалькі аб'ектаў у розных частках Польшчы. Гэта звязана з планамі НАТА па павышэнні боегатоўнасці. Будзе прыкладна шэсць-сем кропак, г.зн. лётчыкі ў адным месцы, камандаванне — у іншым, танкавыя войскі — у трэцім і гэтак далей».

Паводле слоў дыпламата, для гэтых мэтаў неабходна будзе правесці мадэрнізацыю некаторых ваенных аб'ектаў.

Прэзідэнты Польшчы і ЗША Анджэй Дуда і Дональд Трамп у верасні падпісалі дэкларацыю аб пашырэнні супрацоўніцтва ў сферы абароны. Дакументам прадугледжана павелічэнне колькасці амерыканскіх салдат у рэспубліцы з 4,5 тыс. да 5,5 тыс. і іх размяшчэнне ў шасці ваенных аб'ектах па краіне.

На сённяшні дзень у Польшчы размешчаны шматнацыянальны батальён НАТА колькасцю каля 1 тыс. вайскоўцаў, а таксама на ратацыйнай аснове амерыканская танкавая брыгада колькасцю каля 3,5 тыс. чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0