Нерухомасцю ў Лондане на суму больш за $100 млн, арыштаванай у 2019 годзе, валодаюць дачка і ўнук былога прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Пра гэта паведаміла bbc.com.

Спікер сената Казахстана Дарыга Назарбаева і яе сын Нуралі Аліеў цяпер аспрэчваюць арышт нерухомасці ў судзе. Ён быў накладзены ў рамках барацьбы брытанскіх уладаў з адмываннем незаконных даходаў праз куплю нерухомасці.

Аб арышце стала вядома ў маі 2019 года. Тады імёны і грамадзянства ўласнікаў не паведамляліся, аднак было вядома, што аб'екты кіруюцца праз афшорную кампанію, звязаную з нейкім замежным чыноўнікам.

Па версіі брытанскага Нацыянальнага агенцтва па барацьбе з злачыннасцю, два дамы і кватэра былі набытыя на злачынныя даходы былога мужа Дарыгі і бацькі Нуралі, Рахата Аліева. Нерухомасць аформленая на тры афшоры — Антыльскія выспы, Панаму і брытанскую заморскую тэрыторыю Ангілья.

Адвакат уласнікаў жылля сцвярджала ў судзе, што нерухомасць была набытая пасля таго, як Назарбаева і Аліеў развяліся, і, такім чынам, ён не можа мець да яе адносін. Абаронца таксама паведамляла, што агенцтва па барацьбе са злачыннасцю адмовілася вывучаць дакументы, якія тлумачаць, як Назарбаева кіруе сваімі фінансамі.

Нерухомасць была набытая некалькі гадоў таму на суму больш за $100 млн, аднак цяпер яе рынкавая цана можа быць істотна вышэйшай.

Калі Дарыга Назарбаева і Нуралі Аліеў не дакажуць законнасць прыбыткаў, на якія былі набытыя дамы, яны могуць быць канфіскаваныя і затым прададзеныя, а прыбытак ад гэтай аперацыі пойдзе ў бюджэт Брытаніі.

Гэта другі выпадак прымянення закона для барацьбы з адмываннем грошай праз куплю нерухомасці. Да гэтага ў 2018 годзе пад яго падпаў былы старшыня праўлення Міжнароднага банка Азербайджана (МБА) Джахангір Гаджыеў і яго жонка. Іх абавязалі растлумачыць паходжанне 22 млн фунтаў стэрлінгаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0