У распараджэнне «Нашай Нівы» трапіў ліст старшыні Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктара Чайчыца, які прапануе адвакатам выказацца па тэме імавернага скарачэння іх уласных даходаў. 

Віктар Чайчыц. Фота Moka.by

Віктар Чайчыц. Фота Moka.by

Сам ліст у сваім тэлеграм-канале апублікаваў журналіст Арцём Гарбацэвіч.

Чайчыц прыводзіць у прыклад прынцып сплаты ўнёскаў у натарыусаў: 40% з прыбытку да 2000 рублёў і 90% з прыбытку больш за 9000 рублёў. 

Ён прапануе перайсці да падобнай сістэмы і ініцыяваць змены ў адпаведных законах.

Цяпер, напрыклад, адвакаты плоцяць фіксаваныя ўнёскі ў залежнасці ад рэгіёна. 

«Ні аб якім пераглядзе гаворка пакуль не ідзе, гаворка аб тым, каб даведацца меркаванне адвакатаў па канкрэтных пытаннях. Канкрэтна будзем гаварыць пасля 23 снежня», — сказаў «Нашай Ніве» Віктар Чайчыц. 

Што думаюць адвакаты? 

Варта сказаць, што яны не каментуюць сітуацыю ад свайго імені, бо не хочуць публічна крытыкаваць Чайчыца. 

«Скажам, зарабіў я 2400 рублёў: спачатку аддам 40%, потым у ФСАН недзе 120 рублёў, потым падатак 13%, а ўсё астатняе мне. Каму ад гэтых зменаў будзе лепш?

Тут пытанне, куды пойдуць грошы — у адвакатаў жа няма фіксаванага заробку, сацыяльный гарантый у выглядзе адпускных ці аплаты бальнічнага. Калі б гэтыя грошы ішлі туды — можа быць, калі на нешта іншае — ну дык трэба тады і шукаць, каму гэта выгадна.

Каб маладому адвакату зарабіць, трэба ездзіць па ўсёй краіне і знаходзіць кліента, мяне вось часцяком заносіць у іншыя вобласці. І я лічу, што калі такі прынцып прымуць, то гэта ўдарыць па маладых адвакатах», — сказаў «Нашай Ніве» адвакат, які некалькі год працуе ў адным з раённых цэнтраў. 

«Галіну наперад штурхаюць прафесіяналы, а адзін са стымулаў развіцця прафесіяналаў — высокі заробак. Ініцыятыва Чайчыца фактычна ўсталёўвае столь заробку ў галіне ў $4500 [з кожнага наступнага заробленага рубля адвакат пакіне сабе 10 капеек — Рэд.]. Гэта прыкладна $50 тысяч на год. Магчыма, мяне закідаюць камянямі, але гэта вельмі нізкая столь — калі браць Маскву, то гэта заробак дасведчанага юрыста, але далёкі ад максімуму. Калі ў нас гэта будзе максімум для ўсіх адвакатаў, уключна з вопытнымі партнёрамі з велізарным стажам, то многія з тых, хто маглі б рухаць галіну наперад, пяройдуць на іншую працу. Або пачнуцца шэрыя схемы з вялікімі роялці і касмічныя арэнды офісаў у афіляваных асоб», — тлумачыць іншы юрыст. 

Адзін з вядомых адвакатаў патлумачыў, што супольнасць рэагуе на ліст Чайчыца вельмі нервова і ўспрымае гэта як спробу дзяржавы пабудаваць за кошт адвакатаў будынак адвакатуры. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0