6 снежня ў Маскоўскім раённым судзе першымі разгледзелі справы актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля і Арцёма Чарняка. Актывістаў судзілі за «Сход вольных людзей-2» і шэсце да плошчы Незалежнасці, якія прайшлі ў межах выбарчай кампаніі 16 лістапада, піша Радыё Свабода.
У суд сябры «Еўрапейскай Беларусі» не з'явіліся і працэсы над імі прайшлі меней як за паўгадзіны. Максім Вінярскі і Арцём Чарняк атрымалі штрафы па 1275 рублёў. Вырак Яўгену Афнагелю пакуль невядомы, супрацоўнікі суда гэтых звестак не паведамляюць.
Гэтак жа хутка быў аштрафаваны актывіст з Берасця Андрэй Шарэнда. Яго штрафам у 1275 рублёў пакараў суддзя Юры Машкетаў і адразу пачаў разглядаць справу блогера з Оршы Дзмітрыя Казлова.
Як праходзіць суд у пустой залі
«Трымаў расцяжку «А кароль жа голы» разам з Чарняком і Мікалайчык» — так, паводле матэрыялаў справы, 16 лістапада Дзмітры Казлоў удзельнічаў у сходзе на плошчы Свабоды і шэсці да Цэнтрвыбаркама, дзе на знак пратэсту супраць «фальшывых выбараў» спалілі пасведчанні кандыдатаў у дэпутаты.
На вывучэнне матэрыялаў справы ў суддзі пайшло 10 хвілін. Сведак-міліцыянтаў у суд так і не выклікалі, суддзя толькі агучыў іх паказанні і пайшоў раіцца. Яшчэ праз 15 хвілін ён вярнуўся і прагучала пастанова: 637 рублёў штрафу.
Пакуль ішоў працэс над Дзьмітрыем Казловым, стала вядома пра выракі іншым актывістам: Насце Гусевай — 765 рублёў, Дзянісу Урбановічу — 1275 рублёў штрафу.
Пасля абеду, у 14.15, у Маскоўскім раённым судзе будуць судзіць актывістаў Натльлю Саматыю і Андрэя Войніча.