Па Шабаноўскай акрузе №91 Мінска зарэгістравана было пяцёра кандыдатаў. Прадстаўнік ЛДПБ сам зняўся з выбараў. Засталося чацвёра, але на дэбаты прыйшлі ўсяго двое

— гэта прадстаўніца ўладнай вертыкалі, дырэктарка мінскага філіялу Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Галіна Лагунова, а таксама прадстаўнік Рэспубліканскай партыі, інжынер Мінскага маторнага завода Мікалай Шыбека. Чамусьці прадстаўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі, па акрузе Юрый Адамовіч у дэбатах удзельнічаць не захацеў.

Лагунова гаварыла на шыкоўнай трасянцы: «церыторыя», «ізберацелі», «суверэніцет». «Ад нас залежыць будучыня Беларусі, і тое, што мы пакінем нашым нашчадкам», — казала яна казённыя выразы ва ўступе.

Выступ Шыбекі, ён прадстаўляе дастаткова маргінальную Рэспубліканскую партыю, якую ажывілі некалькі экс-актывістаў «Гавары праўду», быў досыць рэзкім. Ён адразу стаў нападаць на Лагунову:

«Ці гатовыя вы адстойваць наш суверэнітэт у звязку з інтэграцыйнымі праектамі? Упэўнены, што не. Ці гатовыя вы казаць «не» павышэння ўзросту выхаду на пенсію? Упэўнены, вы не будзеце адстойваць гэтае пытанне. Ці гатовыя вы да магчымых змен Канстытуцыі дзяржавы? Я ўпэўнены, што не. Ці гатовы вы сказаць «не» антынародным законапраектам, як закон аб адтэрміноўках? Упэўнены, вы не гатовыя. Вы будзеце маўчаць, як і папярэднія скліканні парламента», — казаў Шыбека.

«Я буду абараняць народнае меркаванне, змагацца з антынароднымі законамі», — пафасна казаў кандыдат.

Калі Лагуновай прапанавалі адказаць на закіды Шыбекі, то яна сама перайшла ў наступ.

«Рэйтынг вашай палітычнай партыі 0,7%. Стратэгія партыі размытая. Што вы можаце сказаць да 60 тысяч выбарцаў нашай акругі? Адзінае, што вы зрабілі — правялі акцыю ў падтрымку традыцыйнай сям’і», — у гэты момант Лагунова стала дэманстраваць фотаздымкі той акцыі. «А гэта ж усяго два пралёты плота», — сказала яна.

Шыбека пачаў у наступ адносна сістэмы адукацыі. «Адукацыя так і не стала важнай каштоўнасцю ў грамадстве. Настаўнікі бягуць, дэфіцыт выкладчыцкага складу, вы здрадзілі адукацыі ва ўгоду Мінабароны. Навошта тады вы ідзяце ў парламент?»

На гэта Лагунова стала казаць, што ў яе 33 гады педагагічнага стажу. І яна выхавала цэлае пакаленне, якое цяпер «паспяхова падымае нашу краіну». «У маёй навучальнай установе стабільны калектыў», — сказала кандыдатка.

Прыйшла і Лагунова з «хатнімі нарыхтоўкамі». Маўляў, вы, спадар Шыбека, не ведзяце агітацыю, няма пікетаў, але збіраеце Укантакце грошы на кампанію. «Можа, усё дзеля грошай?» — напаўрытарычна пытаецца яна.

«У вас адміністрацыйны рэсурс!» — пачаў крычаць Шыбека. «Няма ніякага рэсурсу», — адказвала прадстаўніца ўлады. «Перад маёй улёткай людзі спыняцца, а на вашу нават не глянуць», — эмацыйна казаў Шыбека. У гэты момант ён выпадкова нават пабіў шклянку з вадой.

«Мікалай, вы «канапавы актывіст» і ведзяце сваю дзейнасць толькі ў інтэрнэце. Чаго вы дасягнулі яшчэ?» — правакавала Лагунова. Потым яна стала пытацца, што кандыдат зрабіў для азелянення Мінска. На гэта Шыбека не змог нічога адказаць. «Толькі словы, і ніякіх канкрэтных дзеянняў, я так і ведала», — зазначыла дырэктарка.

«Выбар відавочны — Лагунова», — заклікала жанчына праз дэбаты. У канцы яна сказала, што будзе дабівацца будаўніцтва школы 210, а таксама пешаходных дарожак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?