Многія медыя 23 кастрычніка напісалі пра тое, што бізнэсмен Віктар Пракапеня разам з нейкай нявызначанай кампаніяй айцішнікаў мае купіць мінскае футбольнае «Дынама».

Потым, праўда, з'явіліся абвяржэнні, а яшчэ потым і ўвогуле інфармацыя, што купіць «Дынама» мае не Пракапеня, а расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў. 

Што адбываецца насамрэч? 

Як тлумачаць «Нашай Ніве» крыніцы, дэталёва знаёмыя з сітуацыяй, справа такая: нібыта набыццё «Дынама» — гэта ўмова, выстаўленая ўладамі да Пракапені і ягоных аднадумцаў, пры выкананні якой праграмісты атрымаюць магчымасць рэалізаваць тое, пра што нядаўна гаварылася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі — стварыць ІТ-універсітэт пры ПВТ. 

Вядома, што пасля судоў з Юрыем Чыжом футбольнае «Дынама» перайшло ва ўласнасць мінскіх уладаў. Актыў, па сутнасці, з'яўляецца праблемным, таму ідэя так элегантна прыстроіць «Дынама» да багатых спонсараў у вачах дзяржавы сапраўды можа выглядаць прыгожа — існуе думка, што праграмісты выйграюць ад прапанаванай схемы, таму мусяць неяк і «дапамагчы», узяўшы на баланс такі вось спартыўны «калгас». 

Па інфармацыі «Нашай Нівы», перамовы яшчэ не скончаныя, а айцішнікі хацелі б дамовіцца без набыцця «Дынама». 

Перамовы ў актыўнай фазе, таму адназначна сказаць, адбудзецца ўгода ці не, пакуль нельга. 

Варта таксама дадаць, што такую трактоўку падзей падтрымліваюць не ўсе — некаторыя набліжаныя да Пракапені называюць гэта лухтой і адмаўляюць. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0