У ноч на 9 ліпеня на шматпакутнай ад дажджу вуліцы Камсамольскай з'явілася 140 рознакаляровых парасонаў. Раней мінчукі прывозілі фатаграфіі з мноствам парасонаў з Лісабона або Барселоны, але цяпер па яркія сэлфі далёка ездзіць не трэба. Абноўлены ўчастак «пешаходкі» атрымаў неафіцыйную назву «Камфортная алея».
У панядзелак мінчукі звярнулі ўвагу на новую металічную канструкцыю. Ідэі наконт яе прызначэння гучалі самыя розныя. Канал «Чай з малінавым варэннем» іранічна параўнаў каркас з купалам чарнобыльскага рэактара. Сапраўдная ж мэта інсталяцыі — дружалюбная і пазітыўная.
Канструкцыя немалая: 32 метры ў даўжыню і амаль 6 у шырыню.
Са стварэннем такой алеі Беларусь далучылася да Umbrella Sky Project — акцыі, у межах якой вуліцы з дзясяткамі парасонаў з’яўляюцца па ўсёй Еўропе: Лісабон, Барселона, Вена, Кіеў, Санкт-Пецярбург.
Праект ажыццявіла кампанія velcom | A1. Сёлета брэнд ператвараецца з velcom у А1, мяняе і фірмовыя колеры: з жоўтай гамы — у бела-чырвоную. Таму і парасонавая кампазіцыя складаецца з трох фарбаў.
Вуліца Камсамольская ў гістарычным цэнтры — адна з нешматлікіх пешаходных зон у Мінску. Тут шырокая прастора для прагулак, мноства лавак, якія змяшчаюць больш за дзвесце чалавек, вечаровае асвятленне з гірляндаў і ліхтароў пад даўніну. Як на любой пешаходцы, тут ёсць кавярні і сувенірныя крамы. Каларыт вуліцы дадаюць невысокія будынкі 19 стагоддзя і вялікі гадзіннік са старадаўнім механізмам на скрыжаванні з другой пешаходнай вуліцай — Рэвалюцыйнай.
Усе фотаздымкі, зробленыя на беларускай парасонавай алеі ініцыятары праекта прапануюць адзначаць хэштэгам #комфортнаяаллея.