Першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер КУП «Спецкамбінат КБА» і начальнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння гэтага ж прадпрыемства за хабар давалі месцы для пахавання на могілках «Паўночныя», паведамляе прэс-служба міліцыі.

— Зламыснікі карысталіся тым, што колькасць свабодных участкаў для пахавання абмежавана. Таму вырашыць пытанне станоўча прапаноўвалі за пэўную плату. Грошы перадаваліся праз пасярэднікаў. Сярэдняя цана за магілу складала парадку $ 1000. Мы вызначылі каля 170 месцаў пахавання, правамернасць выдзялення якіх трэба будзе высветліць падчас аператыўнай і следчай працы, — распавялі ў ГУБАЗіК МУС.

Акрамя «пахавальнай справы», галоўны інжынер браў хабары і ад сваіх падначаленых, якіх абвінавачваў у парушэнні працоўнай дысцыпліны. За таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, у тым ліку спіртное, кіраўнік «адмазваў» работнікаў спецкамбіната за спазненні, нецвярозы выгляд або несумленнае выкананне абавязкаў.

Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА. У дачыненні да яго распачатыя крымінальныя справы па ч.1 і ч.2 арт.430 КК (атрыманне хабару). Максымальнае пакаранне прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0