Суд Маскоўскага раёна абвясціў прысуд па справе аб канфлікце ў мінскім супермаркеце паміж 38-гадовым і 64-гадовым пакупнікамі. Пенсіянер пасварыўся з прадаўцом за 10 капеек, якія ўпалі пад гандлёвую стужку. Іншы пакупнік у чарзе вырашыў умяшацца. Пасля слоўнай сваркі ён пхнуў пажылога пакупніка, той упаў з прыступак, атрымаў траўму і праз некалькі дзён памёр у бальніцы. Вінаватаму прызначылі пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення волі, піша Tut.by.

Як раней распавядала жонка загінулага, муж перанёс інсульт, правы бок у яго працаваў 50 на 50 — рука нерухомая, нага цягнулася.

— Ён купляў нешта ў краме, і на стужку ля касы пасыпаліся капейкі, — казала жанчына. — Ён папрасіў дастаць гэтыя 10 капеек у касіра. Яна адказала: «Як я дастану, тут стужка не разбіраецца». Ведаеце, як пасля інсульту цяжка справіцца? Можа, абурыўся. Пасля інсульту ў яго была парушаная мова. Ён гучна размаўляў. Гэта магло раздражняць… З іншага боку, ля іншай касы, стаяў мужчына. Паміж імі пачалася сварка.

Відэа з камер назірання зафіксавала канфлікт у краме.

38-гадовы пакупнік, які заступіўся за касіра, раней працаваў ахоўнікам у гульнявым клубе, у яго трое дзяцей. Ён вырашыў вывесці пенсіянера, ужыў да яго сілу. Ахоўнікі супермаркета ў момант канфлікту былі ў іншых памяшканнях, адзін з іх выбег, калі пенсіянер ужо быў на вуліцы — упаў каля прыступак. Нападнік паспрабаваў уцячы, але ахоўнік змог яго затрымаць.

38-гадовага мінчаніна ў выніку прызналі вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч. 3 арт. 147 КК). Па дадзеным артыкуле прадугледжваецца пакаранне ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Пракурор запатрабаваў для яго 10 гадоў калоніі, гэты тэрмін і прызначыў суд. Таксама абвінавачаны павінен заплаціць кампенсацыю дзвюм дачкам загінулага — па 20 тысяч рублёў кожнай.

— З абвешчаным прысудам мы не згодныя і будзем яго абскарджваць, — заявіў адвакат абвінавачанага Антон Гашынскі. — Абвінавачаны віну не прызнаў, у яго не было матыву наўмысна прычыніць шкоду чалавеку, ніводнага ўдару ён не нанёс, ён заступіўся за касіра — пенсіянер крычаў, размахваў рукамі. Падчас канфлікту пацярпелы ўпаў на прыступкі і пры падзенні пашкодзіў галаву, ён праз чатыры дні памёр у бальніцы. На жаль, судом не былi вывучаны спадарожныя дыягназы пацярпелага, ці маглі яны паслужыць прычынай смерці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?