Рэдкі выпадак, калі ўвага грамадскасці была прыцягнутая да дзейнасці парламента. 26 чэрвеня там слухаліся папраўкі ў законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання вайсковай арганізацыі дзяржавы».

Найперш увагу на гэта звярнулі прызыўнікі, якім скасавалі адтэрміноўкі ад службы ў войскі пры паступленні ў магістратуру, альбо ва ўніверсітэт пасля каледжа ці ПТВ. Літаральна за два дні ў інтэрнэце было сабрана 10 тысяч подпісаў супраць гэтых паправак.

Палата прадстаўнікоў прагаласавала за новаўвядзенні, хоць адразу шэсць чалавек было супраць, а яшчэ шасцёра ўстрымаліся. Дастаткова рэдкі выпадак для адзінадушнага парламента.

Мікалай Расоха. Фота mazyr.by.

Мікалай Расоха. Фота mazyr.by.

У абмеркаванні паправак запомніўся дэпутат з Мазырскай выбарчай акругі №43 Мікалай Расоха, які прапанаваў, каб у войска мужчын прызывалі не да 27 гадоў, а аж да 40.

«Наша Ніва» звярнуліся да дэпутата, каб ён абгрунтаваў сваю пазіцыю.

Мікалай Расоха: Што тут гаварыць? Чаму не служыць? Трэба служыць і ўсё! Гэта ж свяшчэнны доўг, які запісаны ў Канстытуцыі. Трэба аддаць свой доўг, як мае быць.

Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»: Згадзіцеся, што ў 35-40 гадоў здароўе ўжо зусім не тое, як у 18 ці 23.

Мікалай Расоха: Вас жа ніхто не прымушае бегчы 3-5 кіламетраў. У вас якая спецыяльнасць?

ЗП: Педагагічная.

МР: Чаму мы не можам вам даць выкладаць у тым жа кадэцкім вучылішчы ці ў сувораўскім? Вы выдатна знойдзеце сабе прымяненне ў сённяшнім войску. Чаму вы лічыце, што гэта не служба — вучыць будучых вайскоўцаў? А сувязіст хіба не служыць? А кухар хіба не служыць? Усе служаць. У сорак гадоў мужык кулаком сцяну павінен яшчэ праламаць і не заўважыць гэтага.

ЗП: Вы асабіста былі б гатовыя пайсці жыць у казарму ў свае сорак гадоў?

МР: А чаму не, чаму не? Не трэба так казаць, гатовы ці не гатовы. Трэба сабе сказаць: «Ёсць». Па-вайсковаму — і ўсё.

ЗП: Вы самі служылі?

МР: Я скончыў ВНУ з вайсковай кафедрай і пайшоў на зборы на тры месяцы ў Брэсце.

ЗП: З дзедаўшчынай не сутыкаліся?

МР: Не. У нас былі адэкватныя хлопцы, якія мелі вышэйшую адукацыю. Нармальна служылі, без усялякіх праблем. Інтэлект усё ж быў крыху вышэйшы. Мы проста ведалі, што гэта трэба — і ўсё. Успомніце наш час, калі чалавек атрымліваў так званы «белы білет». Хлопцы глядзелі на такога чалавека крыва. Закон ёсць закон, і яго трэба выконваць.

ЗП: Тое, што ў інтэрнэце так хутка сабралі 10 тысяч подпісаў супраць гэтых паправак, вас не прымусіла задумацца?

МР: Я не ведаю, я не магу каментаваць. У нас ёсць чалавек, які вядзе гэты законапраект, я толькі задаў пытанне, якое мяне цікавіла. Галоўны закон у нас які? Канстытуцыя. Давайце яе выконваць.

ЗП: Вы супраць прафесійнага войска?

МР: Хто вам сказаў? Не, чаго супраць. Усё добра, усё нармальна. І прафесійнае, і такое войска. Не трэба казаць, што супраць. Чытаем Канстытуцыю і выконваем яе, там чорным па белым усё напісана.

***

Мікалай Расоха нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Слабада Мазырскага раёна. Скончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках па спецыяльнасці «аграномія». Працаваў аграномам, а таксама кіраўніком Мазырскай гароднінавай фабрыкі. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў з 2012 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?