Уладальнік кватэры амаль увесь час праводзіць у Расіі, зрэдку прыязджае ў Мінск. Жыллём не карыстаецца, толькі перыядычна наведвае кватэру, каб праверыць, ці ўсё ў парадку. У пачатку красавіка, вярнуўшыся ў чарговы раз у беларускую сталіцу, мужчына пабачыў, што з паліцы на бачным месцы прапалі два залатыя пярсцёнкі коштам 300 рублёў. Абтэлефанаваўшы сваякоў, у якіх быў доступ да жылля, пацярпелы пераканаўся, што ніхто з іх ювелірныя вырабы не браў. Не надаўшы вялікага значэння знікненню, пакінуў на тым жа месцы паўтары тысячы расійскіх рублёў і зноў на некалькі дзён з'ехаў. Калі вярнуўся, грошай на месцы не знайшоў, пры гэтым уваходныя дзверы зноў былі замкнёныя на замок.

Не даючы веры ў тагасветныя сілы, мужчына ўсталяваў у пакоях тры відэакамеры з датчыкамі руху і паведамленнем на смартфон. Праз час атрымаў сігнал і карцінку з камер. Пацярпелы неадкладна патэлефанаваў у 102 і паведаміў прыкметы няпрошаных гасцей.

Першымі на месца прыбылі супрацоўнікі Ленінскага аддзела Дэпартамента аховы і затрымалі зладзеяў на выхадзе з пад'езда. У гэты раз яны нічога не ўзялі, бо ў кватэры не было каштоўнасцяў. Аднак пад ціскам неабвержных доказаў ім давялося прызнацца.

Затрыманымі аказаліся раней судзімы за крадзеж і забойства 26-гадовы жыхар Мінска і 28-гадовы жыхар Лагойскага раёна, асуджаны за крадзеж, рабаванне і хуліганства. Як высветлілася, сын пацярпелага здымаў пакой у затрыманага мінчука, у размове згадваў, што ў яго ёсць ключы ад пустуючай бацькавай кватэры. Яшчэ ў лютым зламыснік іх скраў і ў канцы сакавіка пайшоў на злачынства.

Распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 205 КК (крадзеж, учынены паўторна, або групай асоб, або з пранікненнем у жыллё). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0