Геніяльны піяніст, сусветная зорка Юрый Бліноў памёр учора ад інфаркту падчас марафону ў Гомелі. Бліноў быў вядомы не толькі як музыка, але і як мецэнат. Ён быў спонсарам і аматарскага футбольнага клуба «Крумкачы», і выдання Бібліі на берасцейскім дыялекце. Ён быў таксама паэт. Гэты верш 20-гадовы Юрась Бліноў апублікаваў у «Нашай Ніве» ў 1996 годзе.
Так, пэўна, трэба толькі зрух, Каб вершы паплылі з крыніцы, Каб раптам склаліся ў ланцуг Падзей і лёсаў таямніцы.
Каб подых ветру спёку звёў, Парваў дзірван, што сэрца поўніць, І ўзнёсся б сном да тых краёў, Дзе граюць, грукаюць, гамоняць.
Дзе ладзяць шумны карагод, Дзе зорку на нябёсы клічуць, Дзе сустракаюць Новы год, І п’юць да дна, і шчасця зычаць.
Дый нам пара. Пяе крышталь, Святло свячы ў кароне дымкі, Адчуем час — і дзіўны баль Нас загарне ў свае абдымкі.