Як стала вядома «Нашай Ніве», у Мінскі гарадскі суд паступіла справа ў дачыненні да Г. Камянькова і А. Савіча.
Гэтыя людзі абвінавачваюцца ў датычнасці да гісторыі, пра якую на пачатку 2017 года расказала «Наша Ніва».
Чытайце расследаванне: Праз махінацыі наркагандляроў некаторыя рахункі EasyPay даступныя трэцім асобам
Тады «Наша Ніва» паведамляла, што ў сістэме вэб-грошай EasyPay існуе ўразлівасць, якая дазваляе наркагандлярам ствараць нелегальныя электронныя кашалькі і такім чынам атрымліваць на іх грошы за дозы і выводзіць нелегальныя прыбыткі.
«Белгазпрамбанк» тады тлумачыў, што з'яўляецца ў гэтай сістэме толькі эмітэнтам, а адказнасць за сістэму бяспекі ляжыць на ТАА «Адкрыты кантакт».
Расследаванне па гэтай справе ў Следчым камітэце пачалося прыкладна ў той жа час, калі выйшла публікацыя. Мы не можам ведаць, ці была сітуацыя ў полі зроку аператыўнікаў да публікацыі.
Па справе з узломам кашалькоў замешаныя з тузін чалавек. Але, магчыма, яны праходзяць па розных справах у розных вытворчасцях.
Г. Камянькова і А. Савіча, згаданых на пачатку нататкі, абвінавачваюць па 328-м «наркатычным» артыкуле, па 354-м артыкуле (выкарыстанне шкодных праграм), па 349-м артыкуле (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі) і 380-м артыкуле (падробка дакументаў).