Генеральная пракуратура Саудаўскай Аравіі абвясціла аб правядзенні першага пасяджэння суда па справе аб забойстве саудаўскага журналіста Джамаля Хашогі, паведамляюць інфармагенцтвы.
Першыя слуханні прайшлі ў крымінальным судзе ў сталіцы краіны, Эр-Рыядзе. Перад судом сталі 11 чалавек, якія абвінавачваюцца ў датычнасці да забойства журналіста.
Пракуратура Саудаўскай Аравіі запатрабавала смяротнага пакарання пяцярым абвінавачаным. Судовым уладам Турцыі быў накіраваны запыт з просьбай перадаць наяўныя ў іх доказы па гэтай справе. Расследаванне працягваецца.
Калумніста The Washington Post Джамаля Хашогі забілі 2 кастрычніка, калі той прыйшоў у дыппрадстаўніцтва Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле па дакументы, якія дазволілі б яму пацвердзіць развод і заключыць новы шлюб з грамадзянкай Турцыі. Нявеста чакала яго непадалёк ад консульства.