У Магнітагорску ратавальнікі знайшлі пад заваламі жывое 11-месячнае дзіця, напісаў у тэлеграме губернатар Чэлябінскай вобласці Барыс Дуброўскі. Немаўля адправілі ў рэанімацыю.
«Ратавальнікі пачулі плач. Дзіця ўратавала тое, што яно было ў коечцы і цёпла захутанае», — напісаў Дуброўскi.
Момант трапіў на відэа:
У выніку выбуху ў панэльным шматпавярховіку ў Магнітагорску дзясяткі людзей апынуліся пад заваламі. Імаверна, большасць з іх загінула.
Убогі стан інфраструктуры ў Расіі прыводзіць да шматлікіх тэхнагенных катастроф. Аднак выбухі ў дамах выклікаюць у грамадскасці асаблівыя падазрэнні, пасля таго як у 1999 годзе прыход да ўлады Уладзіміра Пуціна адбыўся на фоне ланцуга выбухаў у жылых дамах. Адказнасць тады ўсклалі на чачэнскіх партызан.
Верагоднай прычынай выбуху ў Магнітагорску лічаць выцек пабытовага газу.