Летась 35-гадовы афрыканец Тэсфамірыян Тэкле, выхадзец з Эрытрэі, атрымаў статус бежанца і цяпер наладжвае свой лёс у Беларусі і працуе дворнікам у Брэсце, піша sb.by.
Першапачаткова Тэсфамірыян Тэкле не планаваў заставацца ў нашай краіне. Пасля ўцёкаў з Эрытрэі ён працаваў у Ізраілі, дзе жыў у лагеры бежанцаў. Затым транзітам праз Турцыю прыляцеў у Беларусь. Канчатковым пунктам падарожжа была Еўропа, дзе ўжо атабарыліся яго суайчыннікі. Тэсфамірыян прыехаў у Брэст, купіў квіток на цягнік і перад пасадкай выкінуў пашпарт. Ужо потым ён тлумачыў памежнікам: быў упэўнены, што пашпартнага кантролю з ЕС у нашай краіне няма. А дакумент выкінуў, баючыся дэпартацыі з Еўрасаюза.
Афрыканец папрасіў у Беларусі абароны, атрымаў статус бежанца і адпаведна тыя ж правы, што і грамадзянін Беларусі. У тым ліку і права на працу. Спачатку адправілі Тэсфамірыяна ў гаспадарку на ўборку буракоў. Затым афрыканцу прапанавалі мятлу, шуфлік і рыдлёўку.
Па спецыяльнасці Тэсфамірыян будаўнік, але на радзіме ў яго была ферма. У Брэсце Тэсфамірыян здымае аднапакаёвую кватэру. Жыве замкнёна. У вольны час глядзіць футбол па тэлевізары, а ў інтэрнэце — відэа пра сваю краіну.