У Смаргоні 22 сакавіка заведзена крымінальная справа супраць дзвюх жыхарак аграгарадка Войстам, якія рэгулярна кралі прадукты з дома 88-гадовай пенсіянеркі. Пра гэта распавёў kraj.by начальнік Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта Віктар Дамуць.

Паводле яго слоў, жанчына жыве адна. Яна кепска чуе, з цяжкасцю ходзіць. Гэтым і карысталіся дзве мясцовыя жыхаркі.

Сваякі прывозілі пенсіянерцы прадукты, а дзверы ў свой дом гаспадыня, як правіла, не замыкала. Вось і панадзіліся да яе зламысніцы, якія злоўжываюць спіртным. Адной падазраванай 48 гадоў, другой — - 42 гады. Абедзве судзімыя за крадзеж і нявыплату аліментаў.

Яны заходзілі ў дом, шукалі па шафах і тумбачках. У адным выпадку знайшлі тушонку, наступным разам выкралі пасцельныя прыналежнасці. Усё скрадзенае прадавалі, а на атрыманыя грошы куплялі спіртное.

— Злачынствы, учыненыя супраць старых людзей, заўсёды вельмі рэзанансныя, і гэта справа ў нас на асаблівым кантролі, — адзначыў начальнік Смаргонскага РАСК.

Падазраваныя знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0