Кніжка Аляксандра Агеева і Алега Трусава «Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэньне» адразу пасьля выданьня стала бібліяграфічнай рэдкасьцю.

І замоўцы – гарадзкія ўлады Магілёва – маюць намер перавыдаць яе, хоць ад пачатку дужа сумняваліся ў яе посьпеху. А галоўная прычына сумневу – беларуская мова. Наша карэспандэнтка Валянціна Аксак падае падрабязнасьці.

Адноўленая пасьля падрыву ў 1957 годзе гарадзкая ратуша ў Магілёве была ўрачыста адчыненая сёлета 3 ліпеня. Да гэтае даты гарадзкія ўлады замовілі магілёўскаму гісторыку Аляксандру Агееву напісаць кнігу пра лёс помніка. Той пагадзіўся, але пры ўмове суаўтарства з Алегам Трусавым, вядомым дасьледчыкам сярэднявечнае архітэктурнае спадчыны і старшынём Таварыства беларускае мовы. А ў спадара Трусава была свая ўмова, «каб кніжка была толькі па‑беларуску, бо яны хацелі выдаваць толькі па‑расейску. Потым ішоў абмен думкамі і я сказаў: «Калі вы так любіце расейскую мову, то давайце зробім саліднае рэзюмэ па‑расейску, па‑літоўску, па‑польску, па‑нямецку, па‑ангельску». Яны зь вялікай радасьцю пагадзіліся. Як заўжды, грошай не хапіла і кніжка выйшла толькі па‑беларуску».

Пад час працы высьветлілася, што замоўцы кнігі не хацелі даваць у яе фота кіраўніка краіны. Прычына чыста тэхнічная: на гэта трэба браць дазвол у Адміністрацыі прэзыдэнта, што ня так проста. Але спадар Трусаў настаяў на гэтым фота. Вось што ён адказаў на пытаньне, чаму хацеў, каб у кнізе пра магілёўскую ратушу абавязкова было фота Аляксандра Лукашэнкі:

«Ёсьць пэўныя правілы жанру – мы павінны даць інфармацыю пра ўсіх асобаў, якія да гэтай ратушы мелі дачыненьне. Альбо адмоўнае, альбо станоўчае. У дадзеным выпадку – гэта ня Пётр I, які спаліў Магілёў, гэта чалавек, які спрыяў адбудове таго, што бальшавікі ўзарвалі ў 50‑х гадах. Без гэтага чалавека ратуша не была б збудаваная, ён даў грошы на будаўніцтва і капсулу закладваў у падмурак ратушы. Дарэчы – тэкст у ёй па‑беларуску. Так што калі мы гісторыкі, мы павінны гэтага чалавека паказаць ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?