На прафесійнае свята ў тры сям'і міліцыянтаў з Добруша прыйшла бяда. Напярэдадні Дня міліцыі, 3 сакавіка, машыну з супрацоўнікамі мясцовага РАУС збіў цеплавоз. «Камсамольская праўда ў Беларусі» раскрывае падрабязнасці няшчаснага выпадку.

— На пераездзе ў раёне вёскі Красная Буда міліцэйская машына патрапіла пад цягнік. Адзін з супрацоўнікаў РАУС загінуў на месцы, двое — у бальніцы, адзін з іх у вельмі цяжкім стане, — распавёў «КП» гамяльчанін Аляксандр, які выпадкова даведаўся пра здарэнне і першым распавёў пра тое, што здарылася прэсе.

Як адбылося гэта страшнае ДТЗ, дакладна зараз ужо ніхто не скажа. Загінулым аказаўся кіроўца. Другі міліцыянт, які сядзеў на пярэднім пасажырскім сядзенні, знаходзіцца ў рэанімацыі ў непрытомным стане. У кашулі нарадзіўся капітан Кірыл Маркевіч, які цяпер ляжыць у хірургіі ў Добрушы.

Пераезд нерэгуляваны, вакол лес, ішоў густы снег

27-гадовы хлопец — увесь у швах. Змучаны, ён спіць. Каля койкі сядзяць бацькі. Яго бацька Уладзімір пагадзіўся з намі пагутарыць.

— Хлопцы выехалі на выклік з-за пагрозы жыцця — у вёсцы была п'яная бойка, нехта патэлефанаваў у міліцыю. Затрымалі п'янага парушальніка і везлі на «Газэлі» ў найбліжэйшы гарадскі пасёлак на агляд, — распавядае бацька Уладзімір.

Ад вёскі Усохская Буда, дзе быў скандал, ад'ехалі літаральна кіламетра тры, перасякалі чыгунку…

— Кірыл быў на заднім сядзенні з парушальнікам, ён толкам не бачыў, што адбывалася наперадзе. Пераезд там нерэгуляваны, без святлафора, вакол лес. Гэта здарылася днём, але бачнасць была жудасная, валіў снег, — працягвае Уладзімір.

Калі ён даведаўся, што сын трапіў у аварыю, адразу набраў яго нумар, але той не адказваў. Прыехала хуткая, Кірылу далі трубку.

— Тата, са мной усё ў парадку. Але Косці больш няма… — пачуў бацька.

«Жонка загінулага Косці запыталася, дзе ён, я не сказаў…»

Хлопцы сябравалі, і Канстанцін паміраў на руках у Кірыла.

— Калі я ўбачыў сына, ён быў у шоку ад перажытага. Толькі што на яго вачах памёр сябар… У лякарню прыйшла і жонка Кастуся. Яна спытала ў мяне: «Дзе Косця?» Я не мог адказаць, сказаў, што не ведаю… Да гэтага часу перад вачыма яе погляд…

У маладой сям'і гадавалі дваіх дзяцей. Ніхто не ведаў, што Канстанцін, з'яжджаючы на працу, пакідаў дом назаўсёды. Мужчыну было ўсяго 32 гады. Яго напарніку Ігару, які цяпер у цяжкім стане з траўмамі галавы, ног, таза ў Гомельскай абласной бальніцы, — 36 гадоў. Яму трэба будзе перажыць некалькі аперацый, дактары спадзяюцца, што змогуць выратаваць жыццё маладому бацьку — яго чакаюць дома жонка і дзіця.

— Кірылу рабілі рэнтген, на шчасце, усе косткі цэлыя. У сына таксама ёсць сям'я, дзіця. Якраз у той дзень, калі ўсё здарылася, раённая газета выйшла з артыкулам пра сына, — паказвае Уладзімір свежы нумар раёнкі.

У газеце пра Кірыла пішуць, што ён працуе старшым участковым у некалькіх вёсках. Яму падабаецца працаваць у вёсцы, і начальства РАУС лічыць яго адным з найлепшых участковых.

— Артыкул выйшаў да Дня міліцыі, яе назвалі «Перадавая капітана Маркевіча». Вось ён якраз і апынуўся на перадавой, — кажа бацька.

Затрыманы абышоўся спалохам і ўдарам сцягна

Афіцыйнай версіі здарэння пакуль няма, на вечар нядзелі ў ДАІ і УУС не каментавалі трагедыю. У лякарню да Кірыла ўжо прыязджаў следчы, які расследуе ДТЗ. У панядзелак у Добрушы будуць хаваць Канстанціна.

А што ж з затрыманым? Яму пашанцавала больш за ўсіх — 32-гадовы вясковец абышоўся толькі спалохам і ўдарам сцягна. У мясцовым сельсавеце пра мужчыну не адклікаюцца дрэнна: працуе ў мясцовай гаспадарцы, у яго сям'я і дзеці, у п'яных бойках яго раней не заўважалі. Але ў той фатальны вечар нешта пайшло не так…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?