Інцыдэнт адбыўся каля 12:00 на слуцкай трасе паблізу вёскі Гацук, паведамляе прэс-служба абласной міліцыі.

У міліцыю патэлефанавала пасажырка маршруткі Мінск — Салігорск і паведаміла, што нейкі мужчына, відаць, п'яны, раптам узняўся са свайго месца, пайшоў па салоне да кіроўцы і навіс над ім з нажом у руцэ.

Насустрач маршрутцы быў накіраваны экіпаж ДАІ. Праз 10 хвілін інспектары спынілі маршрутку, а пасажыра затрымалі.

Сам мужчына спачатку патлумачыць свае дзеянні не здолеў. Па словах кіроўцы, пасажыр падышоў да яго з нажом у руцэ і спрабаваў нешта сказаць. Аднак, акрамя мармытання, кіроўца ад мужчыны так нічога і не пачуў. Тым не менш увесь гэты час, пакуль не пад'ехала машына ДАІ, той проста стаяў ля вадзіцеля за спінай, пастаянна намагаючыся пра нешта сказаць. Што праўда, актыўных дзеянняў не прадпрымаў.

Як высветлілася, 53-гадовы мужчына сеў у маршрутку ўжо п'яным, у дарогу ўзяў яшчэ пляшку. Натуральна, па дарозе піў. У нейкі момант убачыў у вуху кіроўцы тэлефонную гарнітуру і пачуў, што кіроўца з кімсьці размаўляе.

Мужчыну падалося, што шафёр са сваім змоўшчыкам абмяркоўвае план рабавання пасажыраў. Пасажыры ў гэты момант або спалі, або не думалі пра благое. Каб прадухіліць «злачынства» і выратаваць усіх, мужчына дастаў і раскрыў свой нож, падышоў з ім да кіроўцы і паспрабаваў сказаць яму, каб той нідзе не спыняўся і ехаў наўпрост у міліцыю.

Міліцыю ён дачакаўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0