З 30 студзеня ў абарот ва Украіне будуць уведзены памятныя манеты, прысвечаныя вайскоўцам, якія абаранялі аэрапорт Данецка, гаворыцца ў паведамленні Нацбанка Украіны. Рэгулятар таксама апублікаваў выявы гэтых манет.

Фота: bank.gov.ua

Фота: bank.gov.ua

Украінскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў баях за аэрапорт, у краіне празвалі «кібаргамі». Як піша ўкраінскае выданне «Сёння», такая назва замацавалася пасля паведамлення ў блогу, дзе пераказваюць словы баевіка, які ваяваў за ДНР. «Вырашылі [сілы ДНР] калектары заліць сцёкамі каналізацыі. Зафігачылі «Град» — яны [украінскія вайскоўцы] пад зямлю, мы заліваем калектары. І, тыпу, захопліваем тэрыторыю аэрапорта. Я, кажа [бежанец з Данецка], не ведаю, хто там сядзіць, але гэта не людзі — гэта кібаргі», — цытуе партал гэтае паведамленне.

Пасля гэтага слова «кібарг» увайшло ва ўжытак, яго выкарыстаў і прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка.

На аверсе манеты намаляваны дзяржаўны герб Украіны і дзве мужчынскія рукі з аўтаматам і мячом, «якія сімвалізуюць абаронцаў Украіны розных часоў», распавялі ва ўкраінскім Цэнтрабанку. Размешчаны надпіс «За гонар! За славу! За народ!» І указаны намінал — 10 грн.

«На адваротным баку манеты размешчана стылізаваная кампазіцыя з выявай абаронцы аэрапорта на фоне паўразбуранай вежы, над якой лунае ўкраінскі сцяг; справа — прастрэленая арматура з вертыкальнымі надпісамі: кібарг. UA/ 2014/05/26/2015/01/21», — паведаміў Нацбанк Украіны.

Украінскія войскі адступілі з будынкаў галоўнага тэрмінала данецкага аэрапорта ў канцы студзеня 2015 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0