Сейм Польшчы прыняў папраўкі да Закона аб выхаванні цвярозасці, якія дазволяць мясцовым органам улады ўводзіць абмежаванні на продаж алкагольных напояў па-за месцам пакупкі ў начны час, паміж 22:00 і 6:00. Таксама мясцовыя ўлады змогуць самастойна вырашаць, ці будуць абмежаванні дзейнічаць на тэрыторыі ўсёй гміны, альбо толькі ў яе пэўных раёнах, піша Радыё Польшча.

За гэтую папраўку прагаласавалі 246 дэпутатаў, супраць — 161 парламентарыяў, яшчэ 20 чалавек устрымаліся.

Закон таксама ўводзіць новыя правілы спажывання выпіўкі. Так ўжыванне алкаголю ў грамадскіх месцах будзе забаронена, за выключэннем тэрыторый, прызначаных для гэтай мэты.

Акрамя таго, папраўкі абмяжуюць доступ да алкаголю. Паказваючы максімальную колькасць кропак яго продажу, мясцовыя ўлады павінны прадугледзець месцы, дзе прадаецца піва і алкаголь да 4,5%. Сёння гэтыя слабаалкагольныя напоі не ўлічваюцца пры выдачы гандлёвых дазволаў.

Чакаецца, што закон уступіць у сілу з 1 студзеня 2018 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0