Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра гатоўнасць падтрымаць новыя сумесныя праекты з кітайскай карпарацыяй «Мідэа Груп». Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй праўлення і прэзідэнтам гэтай карпарацыі Фанам Хунбо, піша БелТА.

«Вы заўсёды для нас жаданыя госці. Мы заўсёды вельмі старанна, акуратна і далікатна ставімся да пытанняў, якія трэба вырашаць паміж Беларуссю і КНР, і сведчаннем таму з'яўляецца ваша кампанія, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Пахвальна тое, што кампанія мае намер пашыраць сваю прысутнасць у нашай краіне. Мы гатовыя падтрымаць на аналагічных асновах любы ваш праект».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзесяць гадоў таму карпарацыя «Мідэа Груп» прыйшла ў Беларусь з прамымі інвестыцыямі і сумесна з холдынгам «Гарызонт» наладзіла выпуск мікрахвалевых печаў, а потым і воданагравальнікаў. «Вы ўклалі свае фінансы, тэхналогіі, працуеце на экспарт, ствараеце працоўныя месцы. Такіх інвестараў мы вітаем, мы іх чакаем, мы гатовыя і надалей працаваць з імі і перш за ўсё з тымі, хто калі-то адважыўся ўкласці свае сродкі ў эканоміку Беларусі», - падкрэсліў беларускі кіраўнік.

«Можаце быць упэўнены, што мы працягнем аказваць усямерную падтрымку і садзейнічанне развіццю партнёрскіх адносін. Як прынята лічыць у кіраўніцтве Беларусі і КНР, мы — «жалезныя браты». Наш ўзровень супрацоўніцтва - адзін з самых высокіх у свеце. Мы гэта вельмі цэнім, і базай гэтага супрацоўніцтва з'яўляюцца такія кампаніі, як ваша», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0