93-гадовы прэзідэнт Зімбабве Роберт Мугабэ заявіў у тэлезвароце ў жывым эфіры, што ён застанецца на сваёй пасадзе яшчэ на некалькі тыдняў, нягледзячы на інтэнсіўныя заклікі да ягонага сыходу, паведамляе BBC.

У сваёй прамове Мугабэ заявіў, што мае намер быць старшынёй на з'ездзе кіроўнай партыі краіны Саюз афрыканскага народа Зімбабвэ — Патрыятычны фронт, які адбудзецца ў снежні.

Партыя, кангрэсам якой Мугабэ збіраецца кіраваць, раней у нядзелю пазбавіла яго паста лідара і дала яму 24 гадзіны на добраахвотны сыход з пасады кіраўніка Зімбабвэ. На гэтай пасадзе Мугабэ бесперапынна знаходзіцца з 1980 года.

Ягоная 52-гадовая жонка Грэйс Мугабэ, таксама выключаная з партыі, раней збегла з краіны, а яе ад'езд армія, якая захапіла кантроль у краіне, дазволіла пры ўмове, што Роберт Мугабэ пакіне сваю пасаду добраахвотна.

Пасля тэлезвароту Мугабэ апазіцыя заклікала людзей выходзіць на вуліцы і дамагацца змены кіраўніцтва краіны вулічнымі акцыямі. Гэта можа прывесці да новых сутычак на вуліцах гарадоў 16-мільённай краіны.

Зімбабве — адна з найбяднейшых краін Афрыкі. Валавы нацыянальны прадукт у пераліку на жыхара (паводле парытэта пакупніцкай здольнасці) складае там цяпер каля $2500 на год — крыху меней, чым у 1980 годзе, калі партыя Роберта Мугабэ атрымала уладу. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0