Суд Глыбоцкага раёну прызнаў журналіста Зьмітра Лупача вінаватым паводле артыкулу 22.9 КаАП («Незаконны выраб прадукцыі СМІ») за сюжэт «Глыбоцкую згушчонку далучылі да заводу, адкуль усе ўцякаюць», піша Радыё Свабода.

Матэрыял быў паказаны на тэлеканале «Белсат».

Старшыняваў на працэсе судзьдзя Андрэй Тарасевіч, які пастанавіў пакараць журналіста штрафам памерам 35 базавых велічынь, або 805 рублёў.

У відэасюжэце пра глыбоцкую згушчонку людзі скардзіліся на тое, што прыбытковы малочна-кансэрвавы камбінат далучылі да стратнага камбікормавага заводу. Работнікі МКК непакоіліся, што ў новай інтэграванай структуры ў іх зьнізяцца заробкі — пра гэта і гаварылі на камэру.

Заводзячы адміністрацыйную справу, міліцыя вызначыла асобы тых, хто даваў інтэрвію, і выклікала іх у якасьці сьведак. У суд таксама прыйшоў адзін з работнікаў. Ён засьведчыў, што даваў інтэрвію і дадаў: для «Белсату» гатовы гаварыць яшчэ, бо канал кажа праўду.

Зьмітра Лупача сёлета ўжо тройчы судзілі паводле артыкулу 22.9 КаАП і штрафавалі за відэасюжэты, паказаныя на «Белсаце». Але апошні штраф — самы вялікі.

У 2015 годзе незалежнага журналіста пакаралі штрафам памерам 25 базавых велічынь за артыкул, разьмешчаны на сайце «Эўрарадыё».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0