Даслаў мне сёння Зіновій Марголін такую гісторыю. Слухайце:
«Татка ў мяне быў падпалкоўнік медслужбы. Начальнік медсанбата, а потым эпідэміёлаг акругі. Служыў гадоў 20 ва Уруччы. На дэмбелі працаваў спачатку лекарам у гандбольным клубе «СКА Мінск», а потым партаргам.
Ён быў разумны, але ўсё ж такі савецкі вайсковец.
Галоўным аргументам у любой размове была фраза: «ТАК НАЛЕЖЫЦЬ».
І яшчэ калі я, ужо студэнтам, стаў з ім спрачацца з нагоды таго, што адбываецца, — ён мне ўвесь час казаў: «Не дурнейшыя за цябе ў Крамлі сядзяць!»
І вось наступіла перабудова, і мой таварыш, скрыпач Вася Мельнікаў, пасля кансерваторыі трапіў служыць у Печы. Неўзабаве ягоная нявеста Іра прывозіць мне ліст.
Там мой сябра піша, што ноччу іх паднялі і вывелі на пляц.
На пляцы іх чакалі п'яны намеснік камандзіра палка і зампаліт.
Яны сказалі, што салдат такі і такі спрабаваў павесіцца на губе і што яны зараз даробяць тое, што салдату зрабіць не ўдалося.
А побач з пляцам, пад дрэвам, стаіць бартавы ЗІЛ, а на суку дрэва вісіць пятля.
Выводзяць, значыць, салдата і накідваюць на яго пятлю, ЗІЛ кранаецца, але ў апошні момант падпілаваны сук ламаецца.
Вася Мельнікаў і яшчэ сотні салдат ад страху, натуральна, трацяць прытомнасць.
Як ты разумееш, я таксама а*уеў і панёс гэты ліст свайму бацьку. І кажу яму: «Скажы, гэта таксама ТАК НАЛЕЖЫЦЬ?»
А ў бацькі быў сябрук, Герой Савецкага Саюза Іван Ільіч Кустаў. Яго зампаліт.
І яны ўдваіх напісалі ліст міністру абароны СССР Дзмітрыю Цімафеевічу Язаву.
Праз два месяцы бацька паказаў мне вялікі артыкул у цэнтральнай іхняй газеце «Чырвоная Зорка» пра тое, як дзякуючы іх лісту ў Печы прыехала праверка і ўсіх там вы*бала і пазвальняла.
Гэтую падзею мой бацька і Іван Ільіч Кустаў адзначылі на кухні, выпіўшы бутэльку малдаўскага каньяку і разважаючы пра тое, што ўсё ж такі ёсць у свеце справядлівасць і што Язаў — малайчына.
Васю Мельнікава перавялі ў ансамбль у Мінск. Цяпер ён прафесар у Любляне.
Яго былая нявеста Іра жыве ў Варшаве.
Тата памёр у 90 годзе.
Івана Ільіча я шмат разоў бачыў на фота разам з Лукашэнкам на ўсякіх патрыятычных мерапрыемствах.
Выразка з газеты «Зорка» ляжыць дзесьці ў майго брата ў Мінску.
Гэта я да таго, што ў Печах вельмі багатыя традыцыі».
Канец.
Дык вось, Зміцер Панкавец, калі ты пішаш пра 5 прычын, па якіх нельга звальняць Раўкова, я разумею твае аргументы, але падзяляю — не да канца.
Я не ведаю, чым яшчэ павінен займацца міністр абароны ў мірны час, як не тым, каб для пачатку ў ягоным войску перасталі забіваць навабранцаў. А калі ён гэтым не займаецца, то давай разбярэмся з адной дэталлю.
Ты кажаш, што Раўкоў лепшы — бо «наш», беларускі. Але я, напрыклад, сыходжу з іншага прынцыпу.
Раўкоў не лепшы, БО наш беларускі. Калі Раўкоў «наш», беларускі, то ён ПАВІНЕН быць лепшы.
А калі ён не лепшы — то ён — не лепшы, нягледзячы ні на што. Быць «нашым» — гэта не знак вартасці, а дадатковае патрабаванне.
Калі ўмоўны «наш» лье слёзкі за БЧБ, а сам, напрыклад, піз*іць грошы і бярэ хабары, — то ён не «наш». Ён горшы, чым «ненаш».
Калі «наш» міністр мірыцца з тым, што у нашым войску гінуць нашы ж хлопцы, — то ён не лепшы. І ён — не наш. І ён — не той, каго зараз трэба шкадаваць.
Яшчэ раз, Зміцер. Калі прыйдзе «наш» міністр — мы яго імгненна апазнаем. «Наш» міністр не будзе мірыцца з тым, што ў нашым войску забіваюць нашых хлопцаў.