Алеся Лёсік — малодшая дачка Язэпа Лёсіка. Нарадзілася 22.02.1923 году ў Менску (Мінску). Хроснымі бацькамі, паводле словаў самой Алесі, былі Янка Купала і Ўладзіслава Францаўна. Яе дзіцячыя гады да арышту таты ў 1930 годзе прайшлі ў Менску. Тут яна хадзіла ў дзіцячы ачаг — гэтак у дваццатыя гады ў Беларусі называлі дашкольныя ўстановы. Затым — школа. Як пачувала сябе Алеся і ўся іхная сям’я ў Менску пасьля арышту, згадваецца ў яе ўспамінах.

Больш за шэсьцьдзесят гадоў сям’я Язэпа Лёсіка была пазбаўленая Радзімы, і толькі летам 1992 году дзеці Язэпа Лёсіка наведалі Менск, і я скарыстаў гэтую нагоду, каб пазнаёміцца зь Лёсікавымі нашчадкамі. З гэтага часу пачалося нашае даверлівае ліставаньне з Алесяй — і як вынік гэтага даверу — разгорнутая згадка, як жылося сям’і Язэпа Лёсіка на выгнаньні і яму самому.

Алеся Лёсік, паводле яе словаў, у 1940 г. скончыла Актарскую пэдвучэльню і ўсё сваё жыцьцё настаўнічала ў Татарцы Стаўрапольскага краю.

Уладзімер Содаль

***

Калі першы раз арыштавалі тату, я ня памятаю. Відаць, гэта было летам, і мы, дзеці, былі на лецішчы ў Карпілаўцы. Добра памятаю наш дом. Быў ён на Шпітальнай вуліцы, на рагу — вялікі, памаляваны бардовай фарбай. У доме жылі яшчэ жыхары і ў паўпадвальным памяшканьні таксама. З аповедаў мамы, так і быў набыты дом з жыхарамі. У нас былі чатыры абжытыя пакоі і маленькі «пакойчык», у якім ніхто ня жыў. Уваход у кухню быў з двара, а ў вітальню — з высокага параднага ганку. Вітальня была і кабінэтам таты. Ля дому быў маленькі сад і кветнік. Тата вельмі любіў ружы, і ў садзе часта быў запрошаны садоўнік, які і сачыў за іх ростам.

«Табе не дадуць»

Я ня памятаю, ці казалі мне пра арышт таты і як гэта ўсё было, але памятаю, як усялілі да нас людзей. У мамінай спальні жылі чужыя людзі, у дзіцячым пакоі, у вітальні. Яны карысталіся нашымі рэчамі, хадзілі ўвесь час праз сталовую (яна, прахадная, была выдзеленая на жыльлё нам). У гасьцёўні стаяла нашая мяккая мэбля, і мама дамовілася з жыхарамі (яны нібыта былі артыстамі), што я буду хадзіць спаць у фатэлі, бо ў сталовай месца ўсім не было.

Фатэлі завесілі фіранкай і я там спала. Добра памятаю, як вывозілі раяль, дываны, мэблю, кнігі, а нас зусім выселілі з дому на Даўгабродзкую вуліцу, камусьці падсялілі ў дом. Гаспадар дому зачыніў дзьверы і не пускаў нас хадзіць. Мама і мы лазілі праз акно. Гаспадар і суседзі сьмяяліся, зьдзекваліся з нас.

Так мінулі лета і восень. (А вось які год, ня памятаю.) Да зімы нас перасялілі на Ўнівэрсытэцкую вуліцу ў прахадны пакой, але там жыла толькі адна жанчына.

Жыцьцё стала крыху лепшым дома, але ў школе (а я ўжо вучылася ў 1 і 2 клясе ў Менску) было кепскім, я ніяк не хацела хадзіць у школу, бо там усе ведалі, што тата мой — «вораг народу». У школе давалі талёны на набыцьцё вопраткі, абутку, нават бялізны. Дзеці падымалі рукі, і я цягнула руку таксама, бо вельмі хацелася новыя чаравікі. Настаўніца (звалі яе Міліцыя Фёдараўна) з злосьцю апускала мне руку і казала: «Табе не дадуць». Пасьля я ніколі не прасіла. Я апавяла ўсё маці, а яна ўгаварыла нас нічога не прасіць.

«Непакорным бываю»

Памятаю спатканьне з татам у ГПУ (НКВД). Гэта быў вялікі шэры будынак на рагу, у цэнтры Менску. Каля будынку па ходніку хадзіў вартавы. Нас прапусьцілі ў будынак, і мы доўга ішлі доўгім калідорам. Тату прывёў вартавы ў маленькі пакой, дзе за сталом сядзеў сьледчы. Мы сядзелі насупраць і так размаўлялі. Татавы пантофлі былі вільготныя, і мама спыталася: «Чаму? На двары ж суха». «Непакорным бываю», — сказаў тата. Сэнс гэтых словаў мне патлумачыла мама, калі я падрасла.

Разьвітацца нам не дазволілі, але тата пасьпеў паказаць пяць пальцаў, то бок высылка на пяць гадоў. Мама вырашыла чакаць у Менску. Вельмі шкадавала нас, дзяцей, што давядзецца назаўсёды забыць родную мову, цяжка перавучвацца і г.д. Маме дазволілі працаваць пасудамыйкай у рабочай сталоўцы, дзе будавалася выстаўка. Што гэта была за «выстаўка» — ня ведаю. Памятаю, што гэта было вельмі далёка, трамваі ехалі да канца. Сталоўка — барак сярод рэдкалесься. Зьяжджала матуля рана і прыяжджала позна.

Лёсікі, Гарэцкія, Жылуновічы, Баліцкія…

На гэтым нашыя пакуты ня скончыліся: маме ня выдалі пашпарту, жыць у Менску было нельга. Нас усіх, а з намі ехалі Гарэцкія, Жылуновічы, Баліцкія і іншыя, пагрузілі ў вагон. Мама плакала, разьвітваючыся назаўсёды з родным горадам, з усім, што яе зьвязвала з маладых гадоў. Ня памятаю, каб мы, дзеці, плакалі. Напэўна, паездка ў цягніку, падрыхтоўка «ў дарогу» нам падабалася. Мы ехалі ў г.Камышын на Волзе, да таты. Ехалі вельмі доўга, а сустрэў нас тата. Ён сказаў, што жыве і працуе ў г.Нікалаеўску, на другім беразе Волгі. Нам трэба чакаць параходзік і пераехаць Волгу. Маленькі параходзік і лодка‑баржа прыплылі ўначы. Мама апавядала, што нашая «баржа» адчапілася ад параходу, і мы засталіся «боўтацца» на вадзе. Было вельмі небясьпечна і страшна. Але я спакойна спала. Зранку буксір‑параходзік знайшоў нас і прывёз у Нікалаеўск. Там была пэдвучэльня, дзе тата выкладаў расейскую мову і літаратуру. Тату вельмі любілі студэнты, выкладчыкі. Езьдзіў ён у Камышын «адзначацца» ў НКВД часта (а колькі разоў — ня памятаю).

Я і сястра пайшлі вучыцца ў расейскую школу, а брата Юрку пакінулі жыць у сям’і Якуба Коласа і вучыцца ў Менску. Ён пражыў бяз нас год і таксама прыехаў у Камышын.

Было шмат сьлёзаў і сьмеху, пакуль мы навучыліся размаўляць па‑расейску. Дома было вырашана размаўляць толькі па‑расейску, каб хутчэй засвоіць мову. Маме далі працу карэктара ў мясцовай газэце. Жыцьцё наладзілася. Я ўжо перайшла ў 4 клясу. Тату выклікалі ў Камышын тэрміновай позвай. Неспакойна было і страшна. Чакалі ягонага вяртаньня — ніхто ня спаў, не абедалі…

І вось зранку прыйшоў тата: «Свабода, матухна‑свабода!» Скончылася высылка. Колькі было радасьці! Я ніколі ня бачыла сваіх родных такімі вясёлымі. Было вырашана, што тата працуе да адпачынку і едзе ў Менск, і выклікае нас.

Вяртаньне ў Менск «непажаданае»

Але… усё было толькі ў марах. У Менску тату сказалі, што ягонае вяртаньне ў Менск «непажаданае» і працы яму там ня будзе. А зьехаць з Паволжа трэба было абавязкова. Перажылі мы там страшны голад, саслабелі. Я перахварэла на тыф і захварэла на малярыю. У цяжкай форме малярыяй хварэла сястра Люцыя. Пазбавіцца ад яе можна толькі зьмяніўшы клімат.

Аб’езьдзіўшы шмат гарадоў, тата ўладкаваўся на працу выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры на ст(анцыі) Злынка ў сярэдняй школе. Мы прыехалі ў Злынку, але знайсьці кватэру было вельмі цяжка. Трое дзяцей і трое дарослых (з намі жыла бабуля). Напакутваліся мы моцна, напэўна, таму добра памятаю Злынку.

Перавярнулі ўсё дагары нагамі

Праз год у працы і ў Злынцы было адмоўлена. Тату прапанавалі пераехаць на Паволжа. Гэта ізноў высылка, ізноў пераезд. Вось такая была «дарована» нам свабода. Мы яшчэ паспрабавалі спыніцца ў г.Навазыбкаве. Жылі там адны, бяз таты, але хутка зьехалі да яго ў Дубоўку, пад Сталінград. Там тата працаваў у пэдвучэльні. У Дубоўцы я скончыла 8 клясаў. І ізноў пераезд. Цяпер у Саратаўскую вобласьць, у г. Аткарск. У Аткарскай пэдвучэльні сталі вучыцца я і сястра. Юрка скончыў у Дубоўцы 10 клясаў з выдатным атэстатам, паслаў дакумэнты ў Маскву ў інстытут, дзе рыхтавалі інжынэраў‑электрыкаў. Дырэктарам інстытуту была жонка Молатава. Яна пераслала ягоныя дакумэнты ў Саратаў, у аўтадарожны інстытут. У Маскве Юру вучыцца не дазволілі. Тата працаваў у Аткарску выкладчыкам мовы і літаратуры і пісаў вялікую апошнюю сваю працу — падручнік расейскай мовы для пэдвучэльняў. Падручнік быў скончаны. І апошні год мы ўжо вучыліся па ім. Запісвалі ўсе студэнты пад татаву дыктоўку. (Падручнікаў не было ніякіх). Зьбіраўся тата аддаць падручнік у друк.

І вось апошні дзень 1937 году. Ноч была цёмная і дажджлівая… Мама сказала ўвечары: «У такую ноч хадзіць толькі «злодзеям», а тата дадаў: «І яшчэ сяму‑таму». Тату арыштавалі ў 1938 г. У нашай пэдвучэльні ўжо быў арыштаваны дырэктар, многія выкладчыкі, студэнты.

Уначы мы прачнуліся ад жудаснага грукату — яны адчынілі дзьверы самі, прыйшлі чатыры чалавекі. Двое зь іх былі ў цывільнай вопратцы. Пачаўся ператрус. Перавернута было ўсё: такога беспарадку я ня бачыла нават у кіно, дзе паказвалі ператрусы царскай ахранкі. Грубілі, посуд кідалі на падлогу, вельмі мала яго засталося цэлым.

Знайсьці, канечне, нічога ня здолелі. Ды і наўрад ці яны ведалі, што шукаць трэба, — проста перавярнулі ўсё дагары нагамі. Забралі бабулін малітоўнік на польскай мове, рукапіс кнігі «Учебник русского языка для педучилищ», некаторыя татавы работы‑думкі.

Забралі тату на сьвітанку і ў гэты ж дзень накіравалі ў Саратаў.

«Хвароба мая невылечная»

Ні перадачаў, ні спатканьняў нам ані разу не далі. Мама паслала грошы проста «на шчасьце».

Ад таты мы атрымалі праз добрых людзей дзьве весткі. Адна была напісаная на папяроснай паперы і чытала яе толькі мама. Другую паштоўку мы атрымалі праз пошту. Добры чалавек кінуў яе ў скрыню на Аткарску. Яна і цяпер у мяне. Тата прасіў нас зьехаць куды‑небудзь далей, забыць пра яго: «Хвароба мая зацяжная і невылечная», «Болей да вас я ніколі не вярнуся».

Пасьля мы даведаліся аб сьмерці таты. Цяжка ўсё апісаць. Неяк атрымалася толькі пераезды.

Мне здаецца, што няма ня сьвеце такой добрай мамы, як была нашая. Колькі гора, нягодаў, цяжкасьцяў выпала на яе долю. І ўсё‑такі яна ўсё жыцьцё была для нас, дзяцей, узорам працалюбства, вытрымкі. Гэта ёй мы абавязаныя ўсім тым, што ёсьць у нас добрага.

У тыя цяжкія гады, далёка ад Беларусі, бяз таты, зусім бяз сродкаў да жыцьця, мама засталася Чалавекам і навучыла нас любіць тое, што мы маглі б Ненавідзець.

Вельмі мама хацела зьехаць, памерці на радзіме, каб магіла ейная была сярод бярозак, соснаў і ялінаў. Памерла мама 8 сьнежня 1968 году. Цяпер яна назаўсёды засталася ў Татарску.

А я і Люцыя ў 1941 годзе ў чэрвені прыехалі ў Менск. Былі вельмі добра прынятыя Коласам і Янкам Купалам (ён нам хрышчоны). Ягоная жонка, цёця Ўладзя, купіла (зь вялікай цяжкасьцю) квіткі ў тэатар на «Крамлёўскія куранты». Былі якраз гастролі Маскоўскага тэатру з удзелам Тарасавай. А на 22‑га на Камароўцы адкрыцьцё штучнага возера… Нас на бэтонным мосьце застала бамбёжка, паніка, кроў і сьлёзы…

Сышлі мы зь Менску на трэці дзень вайны…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?