Пяты прэзыдэнт Ісьляндыі Оўлявюр Рагнар Грымсан адказаў на пытаньне беларускага журналіста, што рабіць краінам без багатых залежаў карысных выкапняў.

Адказваючы на пытаньне Юрыя Казіяткі пра магчымыя кропкі судакрананьня Беларусі і Ісьляндыі, крыніцах павышэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва, экс-прэзыдэнт Ісьляндыі падкрэсьліў, што бачыць пэрспэктыву ў выкарыстаньні творчых сілаў моладзі.

«Гэта галоўная крыніца энэргіі, якой мы валодаем, трэба толькі даць магчымасьць моладзі ствараць новыя прадпрыемствы», — сказаў Оўлявюр Грымсан.

Ён дадаў, што магутнымі генэратарамі для стварэньня добрай будучыні павінны стаць унівэрсытэты, якія працуюць у духу XXI стагодзьдзя.

«І я мяркую, што адзін з аспэктаў, які Беларусі цікавы ў Ісьляндыі, якім чынам такі маленькі народ, закінуты ў Атлянтычным акіяне, са складанымі камунікацыямі са зьнешнім сьветам (паколькі выехаць з Ісьляндыі ў іншыя краіны значна складаней, чым зь Беларусі) за 30 −40 гадоў выйшаў у першы шэраг у многіх сфэрах? Акрамя чыстай энэргіі сакрэт у тым, што асобным людзям, групам моладзі даецца магчымасьць выкарыстоўваць свае магчымасьці для стварэньня новых прадуктаў, якія ў адносна кароткі час могуць атрымаць распаўсюджваньне ва ўсім сьвеце» — сказаў Грымсан.

Оўлявюр Рагнар Грымсан займаў пасаду прэзыдэнта Ісьляндыі ад 1996 па 2016 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?