5 верасьня ў Маскве адбудзецца сустрэча кіраўнікоў краінаў Арганізацыі Дамовы пра калектыўную бясьпеку. Гісторыя АДКБ пачалася 15 траўня 1992 году, калі Арменія, Казастан, Кіргізія, Расея й Таджыкістан падпісалі ў Ташкенце дамову пра калектыўную бясьпеку. Беларусь далучылася да гэтай дамовы толькі праз паўтара году — 31 сьнежня 1993-га, на чатыры месяцы пазьней за Грузію. Падпісаньню супраціўляліся Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце і сьпікер Шушкевіч.

Беларусь — адзіная ўсходнеэўрапейскай краіна ў АДКБ.

Арганізацыя дэкляруе мэты ўмацаваньня міру, міжнароднай ды рэгіянальнай бясьпекі й стабільнасьці, калектыўную абарону незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці й сувэрэнітэту дзяржаў-удзельніц, зь перавагай палітычных сродкаў.

У межах АДКБ створаны цэлы шэраг структур:

Найвышэйшы орган — Рада калектыўнай бясьпекі, якую складаюць кіраўнікі дзяржаў-удзельніц.

Кансультацыйныя й выканаўчыя органы:

  • Рада міністраў замежных спраў —
  • Рада міністраў абароны
  • Камітэт сакратароў бясьпекі

Працоўныя органы:

  • Сакратарыят Арганізацыі
  • Аб’яднаны штаб АДКБ

Генэральны сакратар АДКБ — колішні контраразьведчык, кар’ерны кадэбіст, кіраўнік Рады Бясьпекі Расеі й адміністрацыі Ельцына — Мікалай Бардзюжа.

Калі ў 1999-м прыйшоў час працягваць дзеяньне Дамовы, зь яе выйшлі Азэрбайджан, Грузія й Узбэкістан. Гэтыя дзяржавы, а таксама Ўкраіна, утварылі арганізацыю ГУУАМ, арыентаваную на эўрапейскія й міжнародныя структуры. Пасьля крывавых падзей 2005-га году ў Андыжане, за якія рэжым Карымава быў жорстка крытыкаваны сусьветнай супольнасьцю, але фактычна падтрыманы Расеяй, Узбэкістан афіцыйна заявіў пра выхад з ГУУАМ. Праз год яго прынялі назад у АДКБ.


Чатырохкутная фар­тэ­цыя на эм­бле­ме АДКБ сым­ба­лі­зуе не­на­сту­паль­ны ха­рак­тар ар­га­ні­за­цыі. За­ла­ты шар як сым­баль ма­на­літ­нась­ці й адзін­ства ад­люст­роў­вае агуль­насьць мэ­таў і каш­тоў­нась­цяў, якія аба­ра­ня­юц­ца вой­ска­мі дзяр­жаў-удзель­ніц АДКБ. Ляў­ро­ва-ду­бо­вы вя­нок сым­ба­лі­зуе муж­насьць і доб­лесьць вай­скоў­цаў дзяр­жаў-удзельніц АДКБ.

У 2002 годзе быў прыняты статут АДКБ, паводле якога дзяржавы-ўдзельніцы абавязаліся ўзгадняць і каардынаваць свае зьнешнепалітычныя пазыцыі па міжнародных і рэгіянальных пытаньнях бясьпекі. Нягледзячы на тое, што АДКБ пост-фактум падтрымала дзеяньні Расеі ў Паўднёвай Асеціі, аналітыкі адзначаюць незадаволенасьць на ўзроўні нацыянальных эліт тым, што Расея свае пазыцыі з партнэрамі не ўзгадняла і не каардынавала.

Цяпер расейская дыпляматыя дамагаецца прызнаньня слушнасьці сваіх крокаў ад АДКБ фінансавымі, эканамічнымі й палітычнымі сродкамі. Гэта, найперш, крэдыты, нізкія цэны на газ і падтрымка — у мінулым і будчым — тых палітычных крокаў, якія непрымальныя для сусьветнай супольнасьці.

Мэта-мінімум была дасягнутая: саміт АДКБ праходзіць не ў Кіргізіі, якая старшынявала ў АДКБ, а ў Маскве. Дасягненьне мэты-максымум — прызнаньня Паўднёвай Асеціі і Абхазіі ды прыняцьце іх у АДКБ Расеяй заплянаванае на пятніцу.

Паводле лёгікі гэтых плянаў, пры паўтарэньні падобнага канфлікту ў Паўднёвай Асеціі ці Абхазіі, краіны-ўдзельніцы, у тым ліку Беларусь, будуць вымушаныя выступіць на баку Расеі.

Удзел Беларусі ў АДКБ можа патэнцыйна ўцягнуць яе ва ўзброеныя канфлікты ў гарачых кроках Цэнтральнай Азіі.

Аднак нягледзячы на тое, што кожная з краін-удзельніц АДКБ так ці іначай залежыць ад Расеі, аналітыкі не выказваюць аптымізму, што да прызнаньня самаабвешчаных рэспублік. Нават Беларусь, як мяркуецца, прызнае іх не раней за правядзеньне парлямэнцкіх выбараў. Азіяцкія краіны, якія маюць дадатковыя кропкі апоры — Кітай і Захад, верагодна, ня пойдуць на простае прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?