Фэстываль пэрформансу «Навінкі-2008»

Фэстываль пэрформансу «Навінкі-2008»

Фэстываль пэрформансу «Навінкі-2008», што пачаўся 29 жніўня ў Палацы Мастацтваў і закончыўся 1 верасьня на возеры Вяча, парадаваў усіх. Піша Павал Касьцюкевіч.

Па-першае, вельмі ўсьцешыўся беларускі гандаль. Паводле самых сьціплых падлікаў, для свайго пэрформансу нью-ёркавец Томас Стывэнсан (ён сшываў ніткай вяровачныя лескі з цукерак) купіў як найменей 15 кг карамэлек.

Не раўнуючы як у тым анэкдоце пра вясковага дзядзьку, які трапіў на тэатральнае прадстаўленьне і на пытаньне дачкі, што яму спадабалася найбольш, адказаў: «Канечне, самы канец калі выдавалі палітоны — я ўзяў сабе тры», беларускія пэрформэры Дзьмітры і Тацяна Майбарада таксама вырашылі інвэставаць у свайго гледача.

Яны пашыхтавалі публіку ў сярэдзіну залі, разулі яе і склалі ўвесь абутак у купы. Потым, па невялікім часе, відаць, для прыліку, зрабіўшы некалькі рухаў, раздалі абутак назад. Гэткім парадкам пэўная частка публікі атрымала навейшыя мадэлі чаравікоў за тыя, у якіх яны прыйшла на фэстываль.
Гэтак было наглядна даведзена, што пэрформанс – гэта мастацтва, якое нараджаецца тут і цяпер, і размывае межы паміж гледачом і выступоўцам, стварае шчырае, непадробнае суперыжываньне да іншых. Асабліва да тых, хто замест сваіх навюткіх чаравікоў атрымаў падзёртыя атопкі.
Акрамя пэрформансу неймавернай шчодрасьці, публіцы асабліва прыпаў да душы выступ ангельца Нэйла Джэфэрыза. Тут зьняўпраўдзіліся ўсе закіды, маўляў, што пэрформанс далёкі ад народу. Выступ ангельца быў блізкі і зразумелы нашаму гледачу.
Сьпярша ангелец вынес у залю вялізную запэцканую пабелкай тумбу (няйнакш скрадзеную з прылеглага будаўнічага аб’екту), у якой ляжалі бляшанкі зь півам і быў запхнуты пагнуты дарожны знак. Потым, безупынку наліваючы піва зь бляшанкі ў загадзя прыхоплены куфаль, упэцканы ў пабелку ангелец, разносячы пах сьвежаразьлітага піва, хадзіў па коле і пакрысе нішчыў свае запасы хмелю. Гэтак Нэйл, згодна з прынцыпамі размываньня межаў паміж пэрформансам і лайфам, нарадзіў у публікі неўтаймаванае жаданьне учыніць нешта падобнае ў летнім «вецярку» насупраць Палацу Мастацтваў. Але гэты акт быў перарваны яго беларускімі калегамі -- замест чатырох заплянаваных на кружляньні па пакутах, гадзін ангелец хадзіў усяго толькі адну. Калегі, відаць, былі добра абазнаныя, куды можа завесьці маладзёна тое хаджэньне па заварожаным коле.

Пасьля выступу пахнюча-белы Нэйл прызнаўся, што чэрпаў натхненьне з паводзінаў футбольных фэнаў з ускраіны яго роднага Манчэстэру.

Але больш за ўсіх фэстываль прыпаў да сэрца выпадковым мінакам, якія праз акварыюмныя вокны Палацу мастацтваў маглі бачыць фээрычнае і трэба прызнацца рэдкае для нашых шыротаў відовішча: у атачэньні сотні захопленых гледачоў на сярэдзіну залі выйшаў я

понскі пэрфомэр Сэджы Шымода і, інтэлігентна скінуўшы штаны і сподняе, у працоўным негліжэ караскаўся на драўляны стол.

Але нават выпадковыя мінакі выглядалі дарэчна на гэтым сьвяце не прыхаванага нічым мастацтва.

Калі адзін зь іх, досыць ужо стары дзядуля, заскочыў на агеньчык, а яго густыя бровы далезьлі ад убачанага да самага пікейнага бэрэту, ён даволі-такі праўдападобна заверашчаў: «Што гэта? Мастацтва?? А псіхбрыгаду вы ўжо выклікалі???»

Псіхбрыгаду, канечне, ніхто не выклікаў. Яна б папросту не прыехала. Бо ўяўляеце званок у сталічны псіхдыспансэр: «Алё, гэта Навінкі? Звоняць вам з «Навінак» — прыяжджайце!»

Да таго ж, цалкам верагодна, што прыход пікейных бэрэтаў на сьвята быў выдатна сплянаваным пазаконкурсным выступам. Бо падчас выступу японца напал пэрфоманскіх жарсьцяў дасягнуў такога ўзроўню, што магло адбыцца што заўгодна. Ніхто і вокам не міргнуў, калі б Сэджы Шымода апрануўся, ветліва раскланяўся, дастаў з кішэні нож і зрабіў бы сабе наастатак пэрфоманс з харакіры.

Дарэчы, на наступны дзень, пасьля здачы матэрыялу, некаторыя сябры Рэдакцыі «НН» бачылі згаданага вышэй ангельскага пэрфомэра з бляшанкамі піва «Балтыка» ў раёне вуліцы Петруся Броўкі. Таму калі вам на менскіх праспэктах сустрэнецца ўвэдзганы півам і пабелкай іншаземец, не бянтэжцеся, будзьце ласкавыя адкажыце яму на пытаньне «Where is Navinki?». Гэта мастацтва пэрфомансу, якое ня ведае межаў, выйшла ў масы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0