Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска праходзіць адразу два суды над удзельнікамі Маршу раззлаваных беларусаў 17 лютага. Актывіста Алексу Кліменку і лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Алекса Кліменка ў суд не з'явіўся, таму справу разглядалі без яго. Пра тое, што ён рабіў, распавядалі сведкі — участковыя і намеснік начальніка Маскоўскага РУУС Сяргей Астаф'еў. Ён пісаў рапарт аб парушэннях актывіста.

— Забяспечваў парадак на несанкцыянаванай акцыі. І звярнуў увагу на Кліменку, бо ён прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемстве: выкрыкваў лозунгі і нёс плакат «Калі ты ўжо здохнеш, вусаты дармаед?», — растлумачыў на судзе Сяргей Астаф'еў.

Тое ж самае распавядалі і ўчастковыя Аляксандр Леўшуноў і Арцём Дубовік. Паколькі Кліменка на суд не прыйшоў, яны апазнавалі яго па фота, якія былі ў матэрыялах справы.

— Дзесьці каля 19.00 17 лютага Кліменка ішоў з плакатам і выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» — Распавёў Аляксандр Леўшуноў.

— Што было напісана на плакаце? — удакладніла суддзя Вікторыя Шабуня.

— Нешта пра здохнеш … Не памятаю дакладна.

— Ці не жадаеце паўтараць гэта? — удакладніла суддзя.

Разгляд справы заняло каля паўгадзіны. У выніку Алекса Кліменка атрымаў штраф у 1150 рублёў (50 базавых велічынь) за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

Наступным суддзя Вікторыя Шабуня будзе разглядаць справы лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча.

Ён з'явіўся на працэс і рыхтуецца да арышту: узяў з сабой пакет з рэчамі.

Пратакол на старшыню прафсаюза РЭП склалі толькі 27 лютага - праз дзесяць дзён пасля акцыі. Сутнасць парушэнні ў тым, што Генадзь Фядыніч выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» на Кастрычніцкай плошчы.

Сваю віну Генадзь Фядыніч не прызнаў. Ён растлумачыў, што на акцыю выйшаў таму, што абараняў сваіх калегаў. Прафсаюз сабраў каля 50 тысяч подпісаў супраць дэкрэта №3 і правёў больш за семсот асабістых кансультацый.

— Я не дапушчу, каб пакінулі людзей сам-насам з гэтай праблемай. Я лічыў сваім абавязкам выйсці на гэтую акцыю пратэсту, - патлумачыў Генадзь Фядыніч. - Гэта ўлада вымусіла людзей выйсьці на плошчу. Іх ніхто туды не клікаў адмыслова.

— Вы наўмысна пайшлі на акцыю? — удакладніла суддзя.

— Я свядома туды пайшоў. Калі б не было мітынгу, наўрад ці б улада павярнулася тварам да гэтага дэкрэта, — адказаў лідар прафсаюза РЭП.

У гэтым працэсе ўсяго адзін сведка - супрацоўнік АМАПа Антон Юрэвіч. Другі не з'явіўся па службовых прычынах - Захар Тарасевіч дае паказанні па іншай справе ў іншым судзе.

На думку Фядыніча, «гэта ўлада нясе адказнасць ўлада за гэтае мерапрыемства, таму што не здолела своечасова адрэагаваць на праблему».

— Не мая віна ў тым, што я парушыў закон, а ўлады. Мы і далей будзем выходзіць на вуліцу, калі ніхто не будзе вырашаць нашы праблемы. Толькі тады мы будзем жыць годна, — звярнуўся Генадзь Фядыніч да суду.

Адвакат Вадзім Мушынскі папрасіў спыніць вытворчасць па справе, паколькі ў дзеяннях Фядыніча няма складу правапарушэння. А свабодны ўдзел у мірных акцыях пратэсту гарантаваны Канстытуцыяй.

Суддзя прыняла рашэнне аштрафаваць на 50 базавых — 1150 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?