Суд Маладзечанскага раёну пакараў старшыню Руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча, а таксама старшыню АГП Анатоля Лябедзьку арыштамі па 15 сутак за арганізацыю Марша «Я недармаед» у Маладзечне. Чаму менавіта такі тэрмін? Палітыкаў вызваляць увечары 25 сакавіка, пасля заканчэння Дня Волі.
Пасля стала вядома, што такое ж пакаранне вынесена сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталю Рымашэўскаму.
Пра гэта паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
Такім чынам, лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі прапусцяць усе акцыі пратэсту «недармаедаў», якія былі запланаваныя ў сакавіку, і выйдуць на волю толькі каля 19:30 у Дзень Волі 25 сакавіка.
http://d367rzjs5oyeba.cloudfront.net/?c=ar&i=186887
Суддзя Аляксей Іршын не задаволіў хадайніцтва Губарэвіча пра выклік у суд у якасці сведак старшыні АГП Анатоля Лябедзькі і сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, на вядзенне фота- і відэаздымкаў. Пасля яшчэ аднаго хадайніцтва старшыні Руху быў выкліканы дзяжурны адвакат, яны атрымалі час для азнаямлення са справай.
Іршын зачытаў, што Губарэвіч абвінавачваецца па арт. 23.34 ч. 3 (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія былі здзейсненыя паўторна). Па словах суддзі, лідар Руху ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве і «з дапамогай вуснай мовы выкрыкваў лозунгі» «За адмену Дэкрэта № 3 прэзідэнта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства!».
Губарэвіч не прызнаў сабе вінаватым, хаця згадзіўся з тым, што ён быў на плошчы, удзельнічаў у акцыі.
«Рашэнне пра арышт — гэта спроба ізаляцыі, асабліва напярэдадні акцыяў пратэста 15 і 25 сакавіка», — сказаў сайту Pyx.by Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, у Маладэчна супраць пратэстоўцаў дзейнічалі дастаткова жорстка: затрымлівалі людзей, якія проста выступалі, ішлі ў першых шэрагах пад час шэсця. Па адміністрацыйных справах, адзначыў Губарэвіч, праходзяць 15 чалавек.