Галоўнай прафесійнай падзеяй гэтага года вайскоўцы называюць наступныя сумесныя расійска-беларускія вучэнні «Захад-2017». Багатым на інфармацыйныя нагоды быў і год 2016-ы. На ўзбраенне 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады паступіла дагэтуль нябачаная зброя — рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланэз». Нашы лётчыкі ўпершыню ноччу прызямліліся на аэрадромны ўчастак дарогі. А беларускія танкісты паказалі клас у танкавым біятлоне… І ўсё гэта — важныя элементы падтрымання абараназдольнасці краіны. Наколькі ўмацаваныя нашы рубяжы? Пра гэта інтэрв'ю з міністрам абароны генерал-лейтэнантам Андрэем Раўковым.

— Калі падводзіць галоўныя вынікі года ў вайсковай сферы, то гэта мір і бяспека на беларускай зямлі. Што ж тычыцца найбольш яркіх падзей, то ў першую чаргу варта адзначыць паспяхова праведзеныя 16 чэрвеня ў Беларусі баявыя пускі рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз». Бо дадзеная баявая сістэма — айчыннай, дарэчы, вытворчасці, якая адпавядае найлепшым аналагам, — значна павышае абарончыя магчымасці дзяржавы, з'яўляецца істотным элементам сістэмы стратэгічнага стрымлівання.

Яшчэ нельга не ўспомніць камандна-штабное вучэнне Узброеных Сіл, якое прайшло ў верасні, накіраванае на практычную праверку асноўных палажэнняў новай Ваеннай дактрыны. У адпрацоўцы пытанняў падрыхтоўкі і правядзення спецыяльнай аперацыі па стабілізацыі становішча ў асобных крызісных раёнах узялі ўдзел прадстаўнікі ўсяго сілавога блока краіны. Было задзейнічана да 7,500 чалавек, да 60 баявых танкаў, да 220 баявых браніраваных машын і да 50 артылерыйскіх гармат, мінамётаў і рэактыўных сістэм залпавага агню. Вынікам вучэнняў з'яўляецца дасягнуты высокі ўзровень узаемадзеяння паміж усімі кампанентамі ваеннай арганізацыі дзяржавы і здольнасць забяспечыць ваенную бяспеку ў сучасных умовах.

— Узброеныя Сілы аптымізуюцца, армія становіцца больш мабільнай. Якія вынікі гэтай працы, Андрэй Аляксеевіч?

— Аптымізацыя для нас — перш за ўсё працэс пастаяннай адаптацыі да сучасных умоў, а не проста скарачэнне, як гэта часта ўспрымаецца. Галоўнай мэтай да 2020 года мы вызначылі стварэнне кампактнай, мабільнай, высокападрыхтаванай і добра абсталяванай арміі, здольнай процідзейнічаць новым выклікам і пагрозам, у тым ліку так званым гібрыдным. Вынікам мы бачым павышэнне баявой моцы Узброеных Сіл за кошт павелічэння баявога кампанента пры адначасовым вызваленні ад незапатрабаваных структур, выбарчага пераўзбраення на новыя комплексы ўзбраення і ваеннай тэхнікі, дзе прыярытэт будзе аддадзены сістэмам кіравання, разведцы, інфармацыйнаму проціборству, радыёэлектроннай барацьбе, супрацьпаветранай абароне, ракетным войскам і артылерыі, а таксама сілам спецыяльных аперацый. Вынікі гэтай працы я магу вызначыць так: сучасныя Узброеныя Сілы адпавядаюць сённяшнім рэаліям забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў ваеннай сферы і з'яўляюцца найважнейшым сродкам стратэгічнага стрымлівання, прадухілення вайны.

— Ці значыць гэта, што да салдат і афіцэраў прад'яўляюцца больш высокія патрабаванні, чым раней?

— Яны заўсёды былі і застаюцца выключна высокімі: абарона дзяржавы не трывае іншых падыходаў. Вядома, прымяненне ўсё больш высокатэхналагічнай ваеннай тэхнікі павышае патрабаванні да спецыяліста, які яе эксплуатуе. Важныя і наяўнасць патрыятычных якасцяў, і высокі маральны дух. Разам гэта забяспечвае здольнасць і гатоўнасць абараняць сваю Радзіму са зброяй у руках.

— Нядаўна чарговыя прызыўнікі прынялі прысягу. А якая яна, цяперашняя моладзь? У параўнанні, скажам, з той, якую клікалі ў войскі 10 гадоў таму.

— У нас выдатная моладзь, і я ўпэўнены, што яна зможа абараніць Радзіму. Іншае пытанне, што яе неабходна навучыць вайсковай справе. А для гэтага трэба ведаць, што такое інтэрнэт, аўтамат Калашнікава і метафізіка сацыяльных працэсаў. Метафізіка — тое, што вышэй за фізічнае, што звязана з працай у духоўнай сферы, у сферы сэнсаў… Што ж тычыцца інтэлектуальных здольнасцяў моладзі, то прывяду такі прыклад. На сумесным аператыўным вучэнні высокапастаўленыя вайскоўцы адной з дзяржаў блізкага замежжа знаёміліся з аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання зброяй беларускай вытворчасці. Размова ішла на мове канструктараў звышскладаных сістэм. А дакладваў ім… сяржант тэрміновай вайсковай службы! Але ёсць і праблемныя пытанні. Напрыклад, па шэрагу паказчыкаў сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі прызыўнікоў зараз далёка не аптымальныя. Звязана гэта, у прыватнасці, з тым, што з пачатку 1990-х гадоў да 1998 года колькасць народжаных хлопчыкаў скарацілася амаль на 30%. Адпаведна і лішку ў прызыўнікоў, як гэта было раней, няма. Толькі з гэтага года становішча пачне паступова паляпшацца. А ў апошнія гады мы заклікалі ў войска і тых, хто мае знятую ці пагашаную судзімасць — такіх ў 2016 годзе было каля 3%. Тым не менш быў зафіксаваны самы нізкі ўзровень злачыннасці за ўсю гісторыю Узброеных Сіл — 1,58 правапарушэння на тысячу чалавек. У 1994-м было амаль у 7 разоў больш! Гэта сведчыць пра дзейснасць сістэмы выхавання ў беларускім войску. Пра тую каласальную працу, якую робяць для гэтага камандзіры. Прычым мы адкрыта гаворым аб мерах па спыненні правапарушэнняў, па прыцягненні да адказнасці вінаватых перад законам. Гэта таксама адзін з кірункаў падтрымання законнасці і правапарадку ў арміі, якая ў тым ліку перавыхоўвае і тых, каго недавыхавалі на «грамадзянцы».

— Ці можна падвесці прамежкавыя вынікі цяперашняй праверкі боегатоўнасці? Які атрымалі пажытак для разважанняў?

— Трэба разумець, што гэта планавае мерапрыемства, якое зусім не заклікана прадэманстраваць рэакцыю ў адказ на мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, якія праводзяцца ў суседніх краінах, як гэта часам даводзіцца чуць. Кожны год мы робім акцэнт на праверцы розных звёнаў сістэмы кіравання і войскаў, выконваючы некалькі прынцыпаў: комплекснасці, раптоўнасці… Пры гэтым правяраныя дзейнічаюць у рэальнай абстаноўцы — праводзяць разлікі, прымаюць рашэнні і выконваюць пэўную задачу ў вызначаны тэрмін. Першыя гады многія камандзіры і іх падначаленыя адчувалі сур'ёзныя цяжкасці, напрыклад, пры арганізацыі работы па даўкамплектаванні вайсковай часці да штатаў ваеннага часу. Сягоння ж прамежкавыя вынікі праверкі баявой гатоўнасці сведчаць, што з пастаўленымі задачамі спраўляюцца. Прызыў каля 3 тысяч ваеннаабавязаных прайшоў арганізавана. У прызначаныя раёны воінскія часці і падраздзяленні накіраваліся своечасова, без зрываў. Спланаваныя тактычныя і тактыка-спецыяльныя вучэнні прайшлі на высокім узроўні. Па завяршэнні праверкі нам яшчэ трэба будзе правесці больш дэталёвы аналіз.

— Галоўная падзея цяперашняга года — гэта вучэнне «Захад-2017». Скептыкі ўжо выказваюць асцярогі з нагоды перадыслакацыі велізарнай колькасці расійскай ваеннай тэхнікі ў нашу краіну. Дагаварыліся да таго, што гэта можа стаць прамой пагрозай як нашаму суверэнітэту, так і Захаду. Што адкажаце?

— Скептыкам не зашкодзіла б зазірнуць у нарматыўныя прававыя дакументы, якія рэгламентуюць пытанні забеспячэння ваеннай бяспекі Беларусі. Вывучыць Ваенную дактрыну, у адпаведнасці з якой сярод прыярытэтных кірункаў у кааліцыйнай ваеннай палітыцы нашай краіны на першым месцы — умацаванне сістэмы калектыўнай бяспекі і далейшае развіццё адносін з Расіяй. Што да сумесных вучэнняў, то нагадаю, што, згодна з рашэннем прэзідэнтаў, яны праводзяцца раз на два гады, па чарзе на тэрыторыях Беларусі і Расіі. Расія — наш стратэгічны саюзнік, з ёй мы будуем агульную абаронную прастору. Будучыя манеўры — адна з формаў падрыхтоўкі аб'яднанай групоўкі. Істэрыя ў апошні час асобных «экспертаў» з нагоды нібыта магчымай акупацыі Беларусі расійскімі войскамі — не больш чым спроба нейкіх маргінальных структур атрымаць палітычныя дывідэнды або павысіць свой рэйтынг за кошт эксплуатацыі тэмы беларуска-расійскіх узаемаадносін. Сфера ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі была і застаецца адным з лакаматываў развіцця нашых сувязяў, а ваеннае супрацоўніцтва якраз дэманструе той узровень узаемадзеяння, які і павінен быць паміж брацкімі народамі. Пагрозы суверэнітэту нашай краіны сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2017» не нясе па азначэнні. Задума вучэння, раёны яго правядзення, колькасць асабовага складу і ваеннай тэхнікі, якая ўдзельнічае ад Расеі, — усё гэта распрацоўваецца і ўзгадняецца з беларускім бокам. Усе рухі войскаў таксама кантралююцца намі. Няма пагрозы і заходнім дзяржавам, бо вучэнне мае абарончы характар, не скіравана супраць трэціх краін і вырашае толькі задачы стратэгічнага стрымлівання. Пры правядзенні «Захаду-2017» Беларусь цалкам выканае свае міжнародныя абавязацельствы, забяспечыць адкрытасць для сваіх партнёраў, своечасова перадасць інфармацыю для грамадскасці.

— Перадыслакацыя ваенных частак з глыбіні Расіі да беларуска-расійскай мяжы не насцярожвае?

— Гэта ўнутраная справа расійскага боку, накіраваная на ўмацаванне яе абараназдольнасці. А значыць, і Саюзнай дзяржавы.

— А перадыслакацыя войскаў НАТО да агульных межаў?

— Прамой пагрозы ваеннай бяспецы нашай краіны гэты факт на дадзеным этапе не нясе. Разам з тым далейшая мілітарызацыя рэгіёна ў сукупнасці са спробамі розных палітычных сіл вырашыць свае праблемы за кошт эксплуатацыі тэмы нібыта абароны ад «пагрозы з Усходу ці Захаду», а таксама павелічэнне абаронных бюджэтаў і нарошчванне баявых патэнцыялаў ўзброенымі сіламі сумежных дзяржаў могуць істотна павысіць ўзровень рызыкі і выклікаў у сярэднетэрміновай перспектыве. Мы вымушаны прымаць шэраг прэвентыўных мер, якія тычацца, у прыватнасці, развіцця ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

— Якія перспектывы пераўзбраення на гэты год?

— Прапрацоўваецца пытанне закупкі самалётаў Су-30см, запланавана набыццё 120-міліметровых мінамётаў «Нона-М1», беспілотных авіяцыйных комплексаў рознага прызначэння. Акрамя таго, будзе праведзены капітальны рамонт верталётаў Мі-24К, Мі-8ПС, самалёта Іл-76МД, танкаў Т-72Б, БМП-2, пачынаецца мадэрнізацыя БТР-70МБ1, а таксама прадоўжана далейшая мадэрнізацыя танка Т-72БМ1.

— Андрэй Аляксеевіч, што для вас 23 Лютага? Прафесійнае свята вайскоўцаў ці мужчынскі дзень?

— Гэта свята ўсяго беларускага народа, бо наша гісторыя пацвярджае: арміі выйграюць бітвы, а войны — толькі народы. А што тычыцца мужчынскага свята, то сапраўды па шматгадовай традыцыі, пачынаючы са школы, дзяўчынкі 23 лютага абавязкова віншавалі сваіх аднакласнікаў як будучых абаронцаў краіны. Бо хіба гэта мужчына, калі ён не ўмее ўстаць на абарону сваёй сям'і, дома, блізкіх, Радзімы? Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць са святам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, ветэранаў Узброеных Сіл, усіх, хто сёння нясе вайсковую службу ў шэрагах беларускай арміі, іх родных і блізкіх і, вядома ж, усіх суайчыннікаў, хто сваёй працай робіць унёсак у забеспячэнне міру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?