Пра гэта расказала карэспандэнту «Звязды» дырэктар кніжнай палаты Алена Іванова.

Сярэдні тыраж адной кнігі летась склаў 2,5 тыс. экзэмпляраў, а на аднаго жыхара нашай краіны выдадзена каля 2,4 кнігі.

Дзясятка выдавецтваў-лідараў па тыражы забяспечвае каля 64% выпуску кніг, спецыялісты сцвярджаюць, што гэта сведчыць аб дастаткова высокай канцэнтрацыі бізнесу.

Узначальвае дзясятку мінскае выдавецтва «Аверсэв», якое выпускае пераважна навучальную літаратуру для школы.

Выдавецтва «Харвест», якое ў ранейшыя гады забяспечвала каля 25% выпуску кніг па назвах і больш за 40% па тыражы, другі год запар не трапляе ў рэйтынг першай дзясяткі па тыражы, а сярод лідараў па колькасці назваў займае 5-ю пазіцыю (як і ў 2015-м).

Па колькасці назваў выдавецкія магутнасці размеркаваны больш раўнамерна. Лідары забяспечваюць толькі 24,7% выпуску, а ўзначальвае іх зноў жа «Аверсэв».

Асноўная колькасць кніг — больш за 70% — па-ранейшаму выпускаецца ў сталіцы. Значным выдавецкім цэнтрам летась быў і Мазыр. Мясцовае выдавецтва «Белы вецер» вывела Гомельскую вобласць у безумоўныя лідары сярод абласцей і па тыражы, і па колькасці назваў.

Якія ж кнігі выдаваліся летась у Беларусі? 51% кніг займаюць навучальныя выданні, 17% — навуковыя і навукова-папулярныя, па 6,6% і 7,2% у даведачных і вытворчых.

Падзенне працягваецца ў такім значным сегменце, як мастацкая літаратура, — мінус 9,7% па колькасці назваў і мінус 35% па тыражы.

На думку дырэктара кніжнай палаты, тут усё больш адбіваецца ўплыў інтэрнэту, электронных кніг і замяшчэнне імі выданняў у папяровай форме. Гэтыя ж фактары маглі паўплываць і на змяншэнне паказчыкаў у галіне навуковай літаратуры. Такіх выданняў летась выпушчана на 11,3% менш па назвах і на 22,5% — па тыражы.

Аднак усе страхі, што інтэрнэт канчаткова загубіць папяровую кнігу, не апраўдаліся. Як дыск ніколі не заменіць жывога канцэрта, так і электронная кніга не заменіць папяровую. 

Што да кніг на беларускай мове, іх у 2016 годзе выпушчана 1122 накладам больш за 3,7 млн асобнікаў.

Ад агульнай колькасці гэта 11,7% па назвах і 16,2% па тыражах. Гэта практычна паўтарае вынікі 2015-га.

Найбольш тыражнай у сегменце кніг на беларускай мове з'яўляецца вучэбная літаратура, сукупны тыраж якой у 2016 годзе склаў 3,2 млн асобнікаў, або 84,8% усіх беларускамоўных кніг.

Так, на беларускай мове тыражом звыш за 100 тысяч экзэмпляраў выпушчаны навучальныя выданні «Падарожжа ў свет музыкі» (114 тысяч), «Беларусь — наша Радзіма: Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку» (118,4 тысячы), падручнікі па беларускай мове і літаратуры.

Сярэдні тыраж мастацкай літаратуры на беларускай мове склаў 800 асобнікаў.

Сярод выданняў найбольшым тыражом — 30,4 тысячы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік паэзіі «Сэрцам народжаны спеў».

Гэтае ж выдавецтва выпусціла яшчэ дзве тыражныя кнігі: зборнік апавяданняў і казак «Голас душы і сэрца» (22,6 тысячы), выданне Міхася Чарняўскага «Страла Расамахі» (22,6 тысячы).

Значнымі тыражамі выдаваліся творы беларускіх класікаў — Мележа, Купалы, Караткевіча, Шамякіна, Янкі Маўра. Яны выходзілі ў дзяржаўных выдавецтвах і ў выдавецтве «Папуры».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0