Еўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў, што расійскія ўлады неправамерна спынілі працэдуру ўсынаўлення дзяцей у амерыканскія сем'і з-за прыняцця ў Расіі заканадаўчай забароны ў 2012 г. Рашэнне апублікавана на сайце ЕСПЧ, піша meduza.io.

Суд падтрымаў 45 амерыканскіх заяўнікаў, якія паскардзіліся на тое, што ім адмовілі ва ўсынаўленні, хоць яны ўжо пачалі афармляць неабходныя дакументы.

Амерыканцы ў сваёй скарзе ўказалі, што яны да моманту прыняцця закона паспелі пазнаёміцца з сіротамі і наладзіць з імі адносіны, а значыць закон, на іх думку, умяшаўся ў прыватнае жыццё сям'і. Забарону на ўсынаўленне яны палічылі дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце.

Суд падтрымаў гэтыя заявы ў частцы дыскрымінацыйнай палітыкі расійскіх уладаў, бо пачатыя працэдуры ўсынаўлення былі спыненыя.

Па кожнай з 22 скаргаў (некаторыя заяўнікі падавалі дакументы парамі) прысуджана кампенсацыя ў памеры трох тысяч даляраў. Суд таксама абавязаў Расію пакрыць выдаткі заяўнікаў у памеры 600 даляраў.

Расійскі суддзя ЕСПЧ Дзмітрый Дзедаў выступіў з асаблівым меркаваннем па гэтай справе. Падставу для скаргі ён назваў «тэхнічнай» трактоўкай Канвенцыі аб правах чалавека, бо працэс усынаўлення на момант з'яўлення забароны не быў завершаны. Прысуджаную кампенсацыю ён палічыў сімвалічнай у параўнанні з сумамі, якія звычайна фігуруюць у рашэннях ЕСПЧ.

***

Закон аб забароне на ўсынаўленне ўступіў у сілу з 1 студзеня 2013 года. Неафіцыйную назву дакумент атрымаў у памяць пра Дзіму Якаўлева — аднагадовага хлопчыка, які загінуў у амерыканскай сям'і праз тры месяцы пасля ўсынаўлення ў 2008 годзе.

Асноўная частка закона прысвечана санкцыям супраць амерыканцаў і грамадзян іншых краін, якія ўвялі забаронныя меры супраць расіянаў. Расійскі закон быў прыняты неўзабаве пасля амерыканскага «закона Магніцкага», які ўвёў санкцыі супраць асоб, званых датычнымі да смерці юрыста Сяргея Магніцкага ў маскоўскім СІЗА. Афіцыйна расійскае кіраўніцтва адмаўляе сувязь паміж забаронай на ўсынаўленне і амерыканскімі санкцыямі.

У ліпені 2013 года Расія пашырыла забарону на ўсынаўленне замежнікамі. Цяпер усынаўляць расійскіх дзяцей забаронена грамадзянам тых дзяржаў, дзе легалізаваныя аднаполыя шлюбы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0