Спадар Анатоль Гардзей — нетыповы ўзор беларускага пенсіянера. Напярэдадні 60-годдзя ён пачаў працаваць у краме моднага адзення ў «Маскоўска-Венскім». Ён дагэтуль дабіраецца да працы роварам, карыстаецца інстаграмам, набірае лайкі ў фэйсбуку, вандруе, калекцыянуе вінілы і дакладна ведае, чым «худзі» адрозніваецца ад «світшота» ці «зіпера», і параіць, куды насамрэч трэба чапляць «шабету».

Спадар Анатоль — быццам адказ на няпростае пытанне «ці ёсць у Беларусі жыццё пасля 55+?» Перадпенсійны ці пенсійны ўзрост здаецца многім пунктам незвароту. Застаюцца паркавы аркестр «для тых, каму за…» ды падпрацоўка вахцёрамі ды прыбіральшчыцамі. Здаецца, жыццё «55+» складаецца з чэргаў у паліклініку ды электарацый на дачу. Сустрэча са спадаром Анатолем у адным з гандлёвых цэнтраў дапамагае разбурыць такі стэрэатып.

Нават узімку спадар Анатоль дабіраецца да працы на ровары.

Нават узімку спадар Анатоль дабіраецца да працы на ровары.

Пачатак працы

— Мы звыкліся бачыць у крамах моды высокіх дзяўчат ці растатуіраваных барадатых юнакоў. Ці не лічыце вы, што ваш вобраз прадаўца нетыповы і немаркетынгавы?

— Я не адчуваю сябе чалавекам надта пажылым. Нават малодшы сын віншаваў мяне з апошнім юбілеем, адмінусаваўшы 10 гадоў. Да нядаўняга часу я быў як звычайны пенсіянэр, які мае «вялізарную» беларускую пенсію і якому ўсяго хапае (смяецца). Але і вельмі хацелася ўвесь час быць у кантакце з людзьмі. Асабліва з маладымі людзьмі, бо гэта пакаленне маіх дзяцей. Таму і прыняў рашэнне зноў акунуцца ў свет моды. Мне падабаецца быць актыўным. Хай увесь час і не хапала грошай на Фіджы, але трошкі вандраваў, вёў актыўны лад жыцця. Ровар і лыжы пастаянна былі важным яго складнікам.

— Ці памятаеце першы працоўны дзень?

— Так. Гэта было знянацку. Як раз быў дзень перад Раством. 23 снежня. Не было каму працаваць, і цудам прапанавалі мне. Спыталіся, ці ёсць жаданне, а я згадзіўся і быў на сёмым небе ад шчасця. Трошкі хваляваўся, бо не меў досведу. Але супакоўіся, бо меў 13-гадовы стаж эксперта ў Гандлёва-прамысловай палаце. Рызыкнуў. 23 снежня быў такі наплыў кліентаў, ажно галава кругам ішла, бо з кожным хацелася перакінуцца парай слоў. Быў вельмі напружаны дзень. У гэтай мітусні я зразмеў, што гэта — маё! З таго дня я ні разу не пашкадаваў аб сваім рашэнні.

— І няўжо не перажылі ніякага негатыву за 2 гады?

— Хіба толькі пару разоў прыходзілі «расейскія турысты» і пыталіся, што гэта вы тут на «вашам языке разговаріваете»?! А так усё надзвычай пазытыўна.

—А як наконт спецыяльнай лексікі? Вашы аднагодкі наўрад гэтак смела апранаюцца і мала хто з іх ведае назвы рэчаў, якія вы прадаеце?

 —Асартымент у краме спецыфічны. Прыходзіцца тлумачыць нават маладым людзям, што такое той «зіпер» ці «шабета». Гэта запазычаныя словы. Цішотка напрыклад, гэта ж ужо наш новаўтвор, бо ў арыгінале гучыць «T-Shirt». З шабетай выходзяць часта цікавыя выпадкі. Людзі прыходзяць і пытаюцца, ці ёсць у нас барсеткі. А я адказваю, што барсетка — гэта торба для лахоў, такая невялічкая, як дамская торба, для дакументаў, грошай ці чаго там яшчэ. Перажытак бандыцкіх часоў. А шабета — зусім іншае. Сюды нават рафандылька можа ўлезьці.

—А што такое «рафандылька»?

—Ну… Гэта такая бутэлечка невялікая. 

Гаспадар прымае гасцей вельмі сардэчна. На стале самаробны макавец.

Гаспадар прымае гасцей вельмі сардэчна. На стале самаробны макавец.

Актыўнасць

— Кажуць, што кліенты прыходзяць да вас не толькі абнавіць гардэроб, але і проста пагутарыць.

— Для гэтага давялося завесці акаўнты ў інстаграме і фэйсбуку. Адкрыў для сябе свет лайкаў і каментаў. Стаў сачыць, што там за здымкі змяшчаюць і як ацэнваюць маю сціплую працу (усміхаецца). Стараюся, канечне, не бавіць у тых інтарнэтах зашмат часу, каб жыццё было актыўным. Стараюся мала есці, шмат рухацца, хадзіць болей і шмат усміхацца. Мая суседка з гэтай нагоды нават увесь час кажа, што я дзіўнаваты. Ну і, безумоўна, ровар.

Ровар уздоблены налепкай з пагоняй.

Ровар уздоблены налепкай з пагоняй.

— Няўжо за сям’ёй і працай яшчэ на нешта хапае часу?

Доўгія гады я ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці і ў хоры пры Чырвоным касцёле. Спявалі там разам са Змітром Афанасенкам — ён, дарэчы, з гурту «Аmaroka». Ён пасля ўдарыўся у рок, а я задумваюся часам, можа і мне варта было паспытаць (смяецца). Ровар заўсёды займаў асаблівае месца ў маім жыцці. Некалькі гадоў таму дзеці з Германіі прывезлі сапраўдны горны.

Апроч таго, страшэнна люблю чытаць і маю багатую калекцыю вінілаў і музычных запісаў на электронных носьбітах.

— Бачу, вы яшчэ за савецкім часам пачалі калекцыю.

—У камуністычныя часы было вельмі цяжка здабыць нешта вартаснае. Прыходзілася нават ночыць пад крамамі, каб набыць плыту. Памятаю, што такім чынам здолеў набыць першы запіс «Beatles», які быў выдадзены ў Рызе, а іншае стараўся здабыць з Польшчы, перкупіць у фарцоўшчыкаў, нешта сябры прывозілі з-за мяжы. Памятаю, што нават атрымалася ў той час здабыць арыгінальны «Bee-Gees». Цяпер у маёй калекцыі ёсць запісы з Індыі, Амерыкі і нават Аўстраліі.

—А якая кружэлка самая памятная?

— Яе падарыў сябра. Такую, як на дыскатэках выкарыстоўваюць, на 45 абаротаў — «KISS». Усяго некалькі кампазіцый утрымлівала, гэта цяпер гэтыя запісы на радыё часта выкарыстоўваюць. За савецкім часам даводзілася недаядаць, каб сабраць патрэбную суму. Дыск каштаваў 100 рублёў! Заробак у некаторых ці паўзаробка.

Раней спадар Анатоль збіраў любімыя гурты на вінілавых кружэлках, цяпер усё на дысках.

Раней спадар Анатоль збіраў любімыя гурты на вінілавых кружэлках, цяпер усё на дысках.

Густы

— Якім тады выглядала жыццё з такімі растратамі і ашчаджэннямі?

— Я стараўся хіпаваць па маладосці. Праўда, не надта тое выйшла. Я быў такім антуражным хіпі. Джынсы клёш, доўгія валасы, музыка. Але добрае выхаванне не дало стацца праўдзівым хіпі. Не пацягнула мяне да таго дрэннага, што ўласціва сапраўдным хіпі. Вольнае стаўленне да дзяўчат і наркотыкі адштурхнулі мяне ад гэтай культуры. Так, на той час ужо можна было і наркотыкі здабыць… У мяне былі сябры, якія навучаліся ў Сацыялістычнай Польшчы, якія маглі здабыць усё, што заўгодна. А тут, наадварот, усё былі вычасаныя пад адзін грэбень.

—А якая рэч у гардэробе была самая каштоўная?

— Прыехалі да суседзяў нейк родныя з Аргентыны, уцекачы яшчэ ў даваенны час. Прывезлі джынсы, якія не падышлі дзецям. Дык мы купілі ў іх джынсы за смешныя грошы. Амаль за бясцэнак. Малады хлапец будзе рассякаць па Мінску ў новых «Levi Strauss»! Мне падавалася ў тыя дні, што ўсе дзяўчаты на дварэ глядзяць толькі на мяне.

— Ці даспадобы вам сучасная мода?

— Мне падабаецца, што цяпер вопратка становіцца смелай і асабістай. Сусвет «зіпера» і «світшота» зусім не бянтэжыць, а нават наадварот. Моладзь цяпер разумее, што яны — асобы, і яны па-рознаму выяўляюць сваю ўнікальнасць. У нас ёсць, напрыклад, адзін пастаянны кліент з зялёнымі валасамі. Для мяне гэта цудоўна! Час маладосці хутка мінае, і, як не будзе зялёных валасоў, то мабыць і не будзе чаго ўзгадаць. Мне гэта блізка, бо і я стараўся хіпаваць па маладосці. У сучасным адзенні захапляе, што ўжо вонкавым выглядам маладыя нейк раскрываюць і дэманструюць сябе. У гэтай краме, напрыклад, вопратка дэманструе не толькі ўзрост ці густ, але і падкрэслівае беларускасць. Сёння, здаецца, гэта важна.

Каб любіць Беларусь…

— А чым для вас з’яўляецца беларускасць?

—Я такі з маленства. Нарадзіўся ў Заходняй Беларусі. Пасля доўгі час пражыў за межамі Беларусі, і там, як бы дзіўна не гучала, песня «Каб любіць Беларусь, нашу мілую маму, трэба ў розных краях пабываць» набыла новы сэнс… 10 гадоў у Сібіры, і пасля праца ў Заходняй Еўропе далі магчымасць наноў закахацца ў наш край, яго культуру і кухню. Без кухні было надзвычай цяжка.

— А што было самым жаданым?

— Ды дранікі, бадай, бо ў Сібіры, за часам навігацыі прыходзіла баржа з бульбай, якая згнівала за 2 месяцы і так, амаль да восені даводзілася жыць без аніводнай бульбіны ў хаце, а для беларуса — гэта смерці падобна.

— А ў Еўропе таксама бульбы бракавала?

— Амаль 5 гадоў давялося папрацаваць у структуры «Газпрама» ў Нямеччыне. У Сібіры быў Новы Урэнгой, газ, нафта. Адсюль і праца. Але перад тым было 20 гадоў у сістэме адукацыі. Перад вамі выдатнік сістэмы адукацыі! Калі я паступаў у вучэльню, ледзь не заваліў іспыт па матэматыцы з-за дрэннага валодання расейскай мовай. Ніяк не мог зразумець, як «даказать тождество». Экзаменатар падказаў, што гэта «Тоеснасць даказаць». Пасля былі два гады ў войску…

У 91-м разваліўся Саюз, нарадзілася малодшая дачка, а ў 92-м я аказаўся ў фірме «Ямбург-Здабыча». Успаміны адтуль самыя цудоўныя. Шмат камандзіровак, сустрэч з цікавымі людзьмі, навучання, былі фантастычныя заробкі. Праўда, там і адчуў розніцу ў ментальнасці паміж немцамі і беларусамі. Беларус заўжды нейкі прыгнечаны. Немец на кожным кроку табе сыпле «Гутэн таг», «аўф відэрзэйн», а ў нас і не вітаюцца, і не развітваюцца. Не разумеем, як гэта важна.

—Нават калі гаварыць пра Заходнюю Беларусь, дзе вы нарадзіліся.

— Ужо малое дзіця, якое выбягала на двор, бацькамі навучанае абавязкова ўклоніцца і вітацца з усімі. Я сам нарадзіўся ў вёсцы, дзе разам жылі палякі і беларусы. Як ведаеш, што ідзе паляк, кажаш: «Дзень добры», а калі беларус — «Добры дзень!»

—А кім вы адчувалі сябе? Палякам ці беларусам?

— Па маці — я паляк, па бацьку — беларус. І адчуваю сябе ў роўнай ступені і тым і тым. Хаця не, схлусіў, усё-ткі я на 49% адчуваю сябе палякам, кантрольны пакет — у Беларусі. Гэта не патэтыка. Ты з гадамі ўсё больш разумееш, што ты не homo soveticus, але беларус. Хай мы пакуль што бедныя, нашы дзеці і ўнукі выкараскаюцца. Можна ўсё вытрымаць, калі ведаеш, што над намі ёсць Нехта.

— Вы верыце ў Бога? Хіпарства, музыка і пры гэтым вера?

— Так. У нашай мясцовасці быў зачынены касцёл. Спачатку яго перарабілі ў склад зерня, а потым угнаенні мінеральныя захоўвалі. Мы з сябрамі некалькі разоў на год ездзілі у Нясвіж, там дзейнічаў Фарны касцёл. Міліцыянты нас вылоўлівалі сакам і вывозілі глыбокай ноччу пад Сноў, выпраўлялі пехатою на Клеччыну. Бацькі вар’яцеюць, а мы напяхоту вяртаемся дадому. Можна ў такой сытуацыі было пагрукацца ў любую хату пад тым самым Сновам — сугрэцца і адпачыць. Але нам, маладым, было смешна ўсё тое, праблемы не было.

Я ніколі не адчуваў дысгармоніі нават у такіх абставінах. Наадварот, вучыўся быць удзячным нават за самую дробязь жыцця.

— Менавіта гэта сталася вашым рэцэптам бадзёрасці?

— Людзі розныя, у кожнага рэцэпт свой. Мой дзень пачынаецца з любімых песень. За мяжой, як жыў і працаваў, была асаблівая патрэба ў песнях. Часам калегі нават замаўлялі ў мяне, каб заспяваў і ў Сібіры, і ў Германіі. Там толькі «Белавежскую пушчу» ведалі, а я ім і «Цячэ рэчанька» і «Як месяц узышоў» пяяў. Немцам таксама цікава было паслухаць, бо яны думалі, што ўсё, што на усход ад Буга — усё Русланд. Я ім і вершы цытаваў, і спяваў, і паказваў, што ёсць такая мова і народ. Жыццёвы досвед падказвае, што той, хто спявае — дакладна не дрэнны чалавек. Ксёндз Завальнюк у Чырвоным касцёле кажа, што той, хто службу адспяваў — двойчы памаліўся. Бо той, хто спявае, чымсці дзеліцца. На рабоце, праўда, яшчэ спяваць не даводзілася. (смяецца)

Сустрэча са спадаром Анатолем нагадала, што ў жыцці ніколі не позна пачаць справу з нуля. Добры прыклад не толькі для 60-гадовых, і для 30- ці 40-гадовых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?