Цэнтр палітычных і замежнапалітычных даследаванняў у пачатку гэтага года апублікаваў новы даклад аб беларуска-расійскіх адносінах. Ён мае назву «Аднабаковыя дзеянні Расійскай Федэрацыі ў адносінах Рэспублікі Беларусь у 2017 годзе».

Аўтарамі выступілі кіраўнікі Цэнтра Арсень Сівіцкі і Юрый Царык. Папярэдні іх даклад «Беларусь у кантэксце супрацьстаяння Расія—НАТА» нарабіў шмат шуму ў расійскай медыяпрасторы, а аўтараў сталі абвінавачваць у русафобіі і пагражаць турмой.

Новы даклад не менш рэзкі ў сваіх ацэнках. У самым пачатку эксперты ставяць пытанне, што цягам першых дзесяці месяцаў 2017 года Расія паспрабуе забяспечыць поўны вайскова-палітычны кантроль над Беларуссю.

«У цяперашні час беларуска-расейскія адносіны характарызуюцца поўнамаштабным комплексным крызісам, які ўключае як рознагалоссі па канкрэтных пытаннях эканамічнага зместу, так і супярэчнасці па фундаментальных пытаннях стратэгічнага і вайскова-палітычнага характару», — лічаць Сівіцкі і Царык.

Сярод найвастрэйшых пытанняў беларуска-расійскіх адносін аўтары называюць: 1) Ціск на Беларусь з мэтай размяшчэння на тэрыторыі краіны расійскіх войскаў на пастаяннай аснове. 2) Няўзгоднены з беларускім бокам план па адпраўцы ў Беларусь 4162 вагонаў з вайсковымі грузамі.

3) Нязгода беларускага боку на аплату расійскага газу па кантрактнай цане ў сувязі з рэзкім зніжэннем цэнаў на сусветныя энерганосьбіты ў параўнанні з узроўнем, зафіксаваным у кантракце, а таксама шэраг іншых пунктаў.

«Ва ўмовах комплекснага крызісу беларуска-расійскіх адносін, а таксама ўлічваючы ход развіцця міжнароднай сітуацыі і расійскай ўнутранай палітыкі, расійскі бок атрымлівае ўсё больш стымулаў для вырашэння сітуацыі, якая складваецца, у аднабаковым парадку.

Такое рашэнне сітуацыі складаецца ў забеспячэнні поўнага вайскова-палітычнага кантролю расійскага боку над Рэспублікай Беларусь у аднабаковым парадку, будзь то ў выніку змены рэжыму або прымянення крайніх формаў ціску на цяпер дзеючае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь», — мяркуюць аналітыкі.

Фактычна падымаецца пытанне, што сёлета Расія можа паспрабаваць скінуць Аляксандра Лукашэнку і на яго месца прывесці больш лаяльнага для сябе кіраўніка.

«З боку расійскай грамадскай думкі легітымнасць можа быць забяспечана ў рамках двух тыпаў наратываў. Наратыў першага тыпу можа быць у тым, што дзеючае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь нібыта стала ахвярай выступленняў «празаходняй нацыяналістычнай апазыцыі», а Расійская Федэрацыя, умешваючыся ў сітуацыю, «садзейнічае аднаўленню законнай улады і канстытуцыйнага парадку».

Наратыў другога тыпу можа быць у тым, што дзеючае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь само адвярнулася ад Расіі і стала саюзнікам Захаду супраць Масквы. У такім выпадку Расійская Федэрацыя будзе проста абараняць свае нацыянальныя інтарэсы», — мяркуюць эксперты.

«Расійскі бок рэзка актывізаваў працу з ультраправымі элементамі ў Беларусі. Гэтаму спрыяе ў тым ліку супярэчлівая палітыка беларускіх сілавых ведамстваў у дачыненні да фанацкіх груповак», — пішуць Сівіцкі і Царык пра інструментарый расійскага боку ў выкананні свайго плана.

Яшчэ адной з пераваг расійскага боку называецца праца са спецслужбамі. «Дадзеная перавага складаецца як у больш высокім узроўні рэсурснай забяспечанасці, кадравым патэнцыяле адпаведных расійскіх ведамстваў (да іх з нядаўніх часоў дадалася таксама Расгвардыя, у структуры якой створана уласная разведка), так і ў іх здольнасці ўплываць на працу беларускіх контрагентаў па афіцыйных каналах і неафіцыйна».

«Здольнасць карэктна супрацьстаяць ціску Масквы, адстойваючы ўласныя пазіцыі, але не пераходзячы да канфрантацыі з Расіяй, уяўляе сабой галоўную задачу, якая стаіць на дадзеным этапе перад Рэспублікай Беларусь. У выпадку, калі Беларусі атрымаецца вырашыць дадзеную задачу і прадухіліць пераход апісанай пагрозы з боку Расійскай Федэрацыі ў рэальны ўнутраны канфлікт, з чацвёртага квартала 2017 года міжнародная абстаноўка можа змяніцца да лепшага і адкрыць магчымасць для новага прынцыповага і адкрытага абмеркавання беларуска-расійскіх адносін», — робяць выснову аналітыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?