Амерыканская армія павінна зноў быць гатовай да поўнамаштабных і цяжкіх баявых дзеянняў супраць армій высокатэхналагічных дзяржаў, адзначыў генерал Марк Мілі, начальнік Генштаба Сухапутных войскаў ЗША ў прамове ў аўторак.
Высокапастаўлены вайсковец выступаў на штогадовай сустрэчы Асацыяцыі ў падтрымку Сухапутных войскаў ЗША.
«Стратэгічным планам нашай дзяржавы кідаюць выклік, а нашы саюзы выпрабоўваюцца на трываласць так, як гэтага не адбывалася ўжо шмат, шмат дзесяцігоддзяў», — адзначыў генерал.
facebook.com
«У той час, як мы канцэнтраваліся на вайне з тэрарызмам, іншыя краіны — Расія, Іран, Кітай, Паўночная Карэя — вучыліся на нашым прыкладзе. Яны вывучалі нашу дактрыну, тактыку, рыштунак, арганізацыю, метады падрыхтоўкі і кіраўніцтва… Сёння яны хутка мадэрнізуюць свае арміі ў спадзяванні перамагчы нас у будучыні», — сказаў Мілі.
«[Узброены] канфлікт паміж дзяржавамі амаль гарантаваны на нейкім этапе», — дадаў ён.
Ён працытаваў аднаго з уплывовых расійскіх чыноўнікаў, які публічна заявіў: «Сучасны сусветны парадак перажывае сутнасныя перамены… Цяпер Расія можа весці звычайную вайну ў Еўропе і перамагчы».
Амерыканскія войскі павінны хутка адаптавацца да змены сітуацыі пасля 15 год вайны з тэрарыстамі і ірэгулярнымі фарміраваннямі ў Іраку і Афганістане, сказаў генерал.
Будучая вайна з тэхналагічна прасунутым праціўнікам будзе «вельмі крывавай, не падобнай да тых войнаў, якія вялі Сухапутныя войскі ЗША з часоў Другой сусветнай».
Войны будуць ісці ў шчыльна заселеных гарадах, на тле змен у клімаце і бесперапынных дыверсій у кібер- і інфармацыйнай прасторы, падчас імклівага развіцця штучнага інтэлекту, прагназуе Мілі.