Вызначыўся другі фіналіст Еўра-2016. Ім сталі гаспадары турніру — зборная Францыя.
Антуан Грызман. Фота uefa.com.
Мабыць, гэта была адна з найбольш відовішчыных гульняў сёлетняга Еўра. Матч праходзіў на высокіх хуткасцях, сустрэчных атаках. Спачатку троху лепш выглядалі французы, потым — немцы, пасля — зноў французы.
Усё ж справядлівым вынікам першага тайма павінна была быць нічыя. Але сваю справу зрабіў фатальны вуглавы ў кампенсаваны арбітрам час. Рукой у паветры згуляў Басці Швайнштайгер. Гэткі самы момант быў у немцаў у чвэрцьфінале з італьянцамі, тады рукой згуляў Баатэнг.
Італьянскі арбітр прызначыў пенальці. Антуан Грызман такія шанцы не разбазарвае — 1:0.
У другім тайме праблемы немцаў пагоршыліся траўмай абаронцы Жэрома Баатэнга, які падвярнуў нагу на роўным месцы. Абаронцу давялося замяняць.
Магчыма, менавіта Баатэнга не хапіла ў штрафной, калі той самы Грызман у другім тайме прапіхнуў мяч у брамку чэмпіёнаў свету — 2:0.
У Антуана Грызмана стала 6 галоў. Ён найлепшы бамбардзір гэтага Еўра.
Варта адзначыць, што гэтая зборная Францыі ў верасні прыедзе ў Барысаў, каб падужацца са зборнай Беларусі.
У фінале 10 ліпеня сустрэнуцца Партугалія — Францыя. Гульня пачнецца ў 22:00.