Мікалай Аўтуховіч падчас акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга» 14 мая, фота Радыё Свабода

Мікалай Аўтуховіч падчас акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга» 14 мая, фота Радыё Свабода

Выканаўцам абавязкаў старшыні руху салідарнасці «Разам» абраны былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Адпаведнае рашэнне было прынятае 15 мая на II з'ездзе арганізацыі, якая ў Беларусі дзейнічае ў статусе аргкамітэта.

Папярэдні старшыня руху Вячаслаў Сіўчык, паведамляе прэс-служба арганізацыі, не стаў уваходзіць у новае кіраўніцтва, патлумачыўшы сваё рашэнне неабходнасцю ратацыі кадраў, без якой немагчыма развіццё.

Аўтуховіч, вылучаны дэлегатамі з'езда на пасаду старшыні, узяў самаадвод, аднак пасля перамоваў пагадзіўся часова ўзначаліць арганізацыю. Яго намеснікамі абраныя Славамір Адамовіч, Мікалай Бамбіза, Алена Жоль, Юрый Ляшэнка, Аляксандр Макаеў, Таццяна Міронава і Алена Таўстая.

Дэлегаты з'езда прынялі зварот да беларускага народа з заклікам далучыцца да дзейнасці руху. «У Беларусі склалася трагічная сітуацыя: беларускі народ ужо 20 гадоў пазбаўлены магчымасці абіраць уладу, у краіне пануе антынацыянальны прамаскоўскі рэжым. У многіх беларусаў узнікае адчуванне расчараванасці, вынікам чаго стаў няўдзел у практычнай барацьбе за свае правы. Рух салідарнасці «Разам» заўсёды выступаў супраць пасіўнасці, таму заклікае далучацца да сваіх шэрагаў усіх беларусаў, якія жывуць у краіне і якія вымушана апынуліся за межамі Айчыны», — гаворыцца ў дакуменце.

Таксама на з'ездзе былі прынятыя рэзалюцыі «Свабоду палітвязням!», «Аб геапалітычным выбары Беларусі», «Аб падтрымцы патрабаванняў беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў», «Аб падтрымцы Беларускага ўніверсітэта за межамі Рэспублікі Беларусь», «Аб недапушчальнасці імперскіх сімвалаў у Беларусі».

***

Рух салідарнасці «Разам» паўстаў у 2006 годзе на хвалі падзей пасля прэзідэнцкай кампаніі. Яго мэта — садзейнічаць салідарнасці ўсіх грамадскіх ініцыятыў, у першую чаргу прадпрымальніцкіх і культуралагічных, скіраваных на дэмакратычнае развіццё краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?