Пасвячэнне піянераў у Маскве 15 мая 2016 г, фота sputnik

Пасвячэнне піянераў у Маскве 15 мая 2016 г, фота sputnik

Кантэнт Расійскай Федэрацыі ў беларускіх СМІ на сённяшні дзень даходзіць да 65%, «гэта нас не павінна не насцярожваць з пункту гледжання нацыянальнай культуры, інфармацыйнай бяспекі», — заявіў у інтэрв'ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ, паказаным увечары 15 мая, намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі.

Гутарка з вядучым «Контуры» адбылася ў рамках XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: інтэграцыя як фактар стварэння» ў Мінску.

Такі ўзровень расійскага кантэнту Бузоўскі, з аднаго боку, назваў пазітывам, «бо гэта інтэграцыя культур, узаемадзеянне ў самых розных праявах». «У той жа час мы павінны разумець, што нам неабходна напрацоўваць і творчы, і палітычны патэнцыял тэлебачання на інфармацыйных пляцоўках», — заявіў ён.

Адказваючы на пытанне вядучага адносна цэнзуры і прапаганды ў СМІ, другі ўдзельнік інтэрв'ю, Аляксей Волін, намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый РФ, сказаў: «У дачыненні да цэнзуры і прапаганды мы зыходзім з дзвюх рэчаў. У Канстытуцыі Расіі цэнзура забароненая. Што тычыцца магчымасці выкарыстання СМІ ў інтарэсах дзяржаўных або нейкіх іншых структур, то тут, перш за ўсё, усё залежыць ад самой рэдакцыі, ад саміх журналістаў».

На гэта Бузоўскі заявіў: «Павінна быць статуя адказнасці насупраць статуі Свабоды. Калі мы аналізуем працу таго ці іншага сродку масавай інфармацыі, мы аналізуем, у тым ліку, і крыніцы фінансавання. Часта становіцца зразумелым, для чаго той ці іншы СМІ працуе, якія сёння мэты пераследуюцца. Тут ужо ўступае ў сілу ўжо не паняцце цэнзуры, а арганізацыі працэсу працы з грамадскімі і палітычнымі фарміраваннямі. Таму свае правілы гульні кожная краіна вызначае ў нацыянальных інтарэсах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?