Краіна ганарыцца тым, што неацэнны ўклад у Перамогу над фашызмам ўнёс беларускі народ. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску з нагоды 71-й гадавіны Перамогі.

«Беларусь дорага заплаціла за Перамогу. Фашысты ператварылі наш квітнеючы край у жахлівы канвеер смерці, стварыўшы тут каля 260 канцлагераў і 110 гета. Арышты, катаванні, расстрэлы і шыбеніцы былі штодзённымі атрыбутамі гэтага рэжыму. Увесь свет скалануўся, даведаўшыся, што эсэсаўскія зондаркоманды сцерлі з твару зямлі тысячы беларускіх вёсак, з якіх больш за 600 спалілі разам з жывымі людзьмі — старымі, жанчынамі і дзецьмі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы ніколі не забудзем тых, хто загінуў за нашу свабоду, змагаючыся ў франтавых акопах і ў партызанскіх лясах, у падполлі і прафесійнай разведцы. Хто быў закатаваны ў лагерах смерці, у засценках гестапа. Хто памёр ад цяжкай працы, холаду, голаду і недаядання у тыле, аддаючы ўсе для фронту і для перамогі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён заклікаў схіліць галовы перад незлічонымі ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны, якія аддалі сваё жыццё ў імя Перамогі, і ўшанаваць іх хвілінай маўчання.

Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку добрасуседства і міралюбнасці, памятаючы ўрокі вайны, і не дазволіць сказіць праўду аб гэтай Перамозе, заявіў Лукашэнка.

«Найвялікшым дасягненнем сённяшніх дзён з'яўляецца мір і спакой на планеце і нашай роднай зямлі. Памятаючы ўрокі вайны, мы праводзім паслядоўную палітыку добрасуседства і міралюбнасці. Нам дарагія брацкія адносіны з рускімі і ўкраінцамі. Мы высока цэнім дружбу і супрацоўніцтва з іншымі нацыямі і дзяржавамі. І мы зробім усё, каб беларуская зямля заўсёды заставалася жыватворным кутком стабільнасці, стварэння і добрай волі «, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Таму ў Беларусі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, клапоцяцца пра бяспеку краіны, пастаянна умацоўваючы яе абаронны патэнцыял і адстойваючы мірныя спосабы вырашэння любых праблем на міжнароднай арэне.

«Такі запавет нам далі нашы бацькі і дзяды, прадзеды, якія цаной жыцця абаранілі Радзіму ад карычневай чумы, — сказаў на заканчэнне Лукашэнка. — Са святам Вялікай Перамогі вас, дарагія сябры і госці беларускай сталіцы! Шчасця і дабрабыту ўсім вам!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?